МІНСК, 15 мая — Sputnik.Украінскія ўлады павінны неадкладна вызваліць затрыманага кіраўніка РІА "Новости Украина" Кірыла Вышынскага і спыніць пераслед СМІ, заявіў гендырэктар МІА "Россия сегодня" Дзмітрый Кісялёў.
Раней супрацоўнікі Службы бяспекі Украіны (СБУ) уварваліся ў офіс РІА "Новости Украина" ў Кіеве, журналістка, якая знаходзілася ўнутры, перастала выходзіць на сувязь.
Па словах калег Вышынскага, затрыманне адбылося на вуліцы побач з яго домам. Украінскія СМІ ўдакладняюць, што журналісту інкрымінуюць 111 артыкул КК Украіны ("Дзяржаўная здрада").
Інфармацыю аб затрыманні Вышынскага пацвердзіў і ягоны адвакат, адзначыўшы, што з яго падабаронным у цяперашні час праводзяць следчыя дзеянні.
Адначасова СБУ праводзіць аперацыю ў офісе РІА "Новости Украина". У аўторак раніцай у офіс патэлефанавалі людзі ў форме з надпісам СБУ. Відавочцы бачылі, як людзі з дамкратам увайшлі ў будынак, дзе размешчаны офіс РІА "Новости Украина".
СБУ пацвердзіла факт затрымання і вобыскі ў офісе РІА "Новости Украина"
Служба бяспекі Украіны (СБУ) пацвердзіла вобыскі ў офісе РІА "Новости Украина" і паведамляе аб затрыманні яго кіраўніка.
"Пацвярджаю, вобыскі сапраўды праводзяцца ў офісе РІА "Новости Украина", затрыманы яго кіраўнік. Мы збіраем доказную базу, якую мы апублікуем па завяршэнні следчых дзеянняў", — напісала прэс-сакратар СБУ Алена Гітлянская ў сацыяльнай сетцы Facebook.
Супрацоўнікі Службы бяспекі Украіны сумесна з пракуратурай АР Крым (структура, створаная ў складзе Генпракуратуры Украіны пасля ўз'яднання паўвострава з РФ — Sputnik) раскрылі дзейнасць сеткі медыяструктур, падкантрольных Расійскай Федэрацыі, заявіла яна.
Па словах Гітлянскай, праваахоўнікі ўстанавілі, што гэтыя медыяструктуры выкарыстоўваліся ў рамках гібрыднай інфармацыйнай вайны супраць Украіны.
"Цяпер праходзяць следчыя дзеянні. Дэталі аперацыі апублікуем сёння дадаткова", — паведаміла яна.
Помста за Крымскі мост
"Мы будзем звяртацца ў міжнародныя структуры, у тым ліку журналісцкія, у АБСЕ, для таго, каб садзейнічаць спыненню ганенняў у дачыненні да журналістаў на Украіне", — заявіў Кісялёў.
Ён назваў інцыдэнт з Кірылам Вышынскім "бандыцкім нападам" і не выключыў яго сувязі з запланаваным адкрыццём у аўторак моста праз Керчанскі праліў.
"Гэта, напэўна, дробная помста. Сапраўды, можа быць звязана з мостам. Цяпер можна казаць, што, можа быць, прымеркавана, каб неяк адцягнуць увагу, але мост дакладна тут не вінаваты. Гэта адлюстраванне прыроды цяперашняга ўкраінскага рэжыму", — сказаў Кісялёў.
Кісялёў удакладніў, што знаёмы з Кірылам Вышынскім з 2000 года, і назваў яго "вельмі мужным і высокапрафесійным" чалавекам. Ён растлумачыў, што РІА "Новости Украина" — гэта партнёрскае агенцтва МІА "Россия сегодня".
"Сайт rian.com.ua не абнаўляецца ўжо больш за гадзіну. І ніхто з супрацоўнікаў РІА "Новости Украина" не падыходзіць да тэлефона. Відавочна, што справа ідзе горш, чым выкраданне аднаго чалавека. А, мяркуючы па заяве прадстаўніка СБУ, які ўскосна прызнаў, што СБУ мае да гэтага дачыненне, на Украіне, як яны кажуць, схаваная медыасетка "краіны-агрэсара", і вось цяпер будуць з ёй, уласна, распраўляцца. Так што тут нічога добрага", — дадаў Кісялёў.
Рэакцыя Крамля на затрыманне і вобыскі ў офісе РІА "Новости Украина"
Расія прыме "меры ўзаемнасці" у адказ на дзеянні Службы бяспекі Украіны (СБУ) супраць РІА "Новости Украина", але спачатку патрэбна больш дэталёвая інфармацыя, заявіў журналістам прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.
"Меры ўзаемнасці, безумоўна, будуць прымацца, але каб казаць нешта канкрэтнае, трэба спачатку ўсё-ткі атрымаць больш дэталёвую інфармацыю. Пакуль мы толькі ведаем, што робяцца сілавыя дзеянні ў дачыненні да расійскіх СМІ, меры па абмежаванні свабоды нашых журналістаў, бо яны не выходзяць на сувязь, і гэтага дастаткова для жорсткага асуджэння. У астатнім будзем дзейнічаць кваліфікавана, але, безумоўна, напорыста і абараняючы максімальна інтарэсы расейскіх сродкаў масавай інфармацыі", — сказаў Пяскоў.