МІНСК, 21 мая — Sputnik. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт перамог у конкурсе Даследчага фонду па глабальных выкліках Даследчых саветаў Злучанага Каралеўства, пра гэта паведамляецца на сайце універсітэта.
На конкурс былі пададзеныя больш за 500 заявак, з якіх былі падтрыманы ўсяго 37.
Дзякуючы перамозе ў конкурсе БДУ стаў удзельнікам міжнароднага праекта COMPASS (Комплекснае павышэнне патэнцыялу ва Усходнім суседстве і Цэнтральнай Азіі: інтэграцыя даследаванняў, эфектыўнае кіраванне і ўстойлівыя супольнасці).
Урачыстая цырымонія адкрыцця і канферэнцыя праекта пройдзе 22 мая ў БДУ. У мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі ўніверсітэтаў-партнёраў, а таксама супрацоўнікі Назіральнага савета COMPASS, дыпламатычных місій краін у Беларусі, Еўрапейскай камісіі, Даследчых саветаў Злучанага Каралеўства, вядучыя даследчыкі Вялікабрытаніі, Германіі, Расіі і Беларусі. На канферэнцыі будуць абмяркоўвацца асноўныя напрамкі развіцця і супрацоўніцтва ў рамках праекта COMPASS.
Каардынатарам праекта з'яўляецца Кентскі ўніверсітэт (Вялікабрытанія). Акрамя яго ў мерапрыемстве прымуць удзел брытанскі Кембрыджскі універсітэт, Азербайджанская дыпламатычная акадэмія, Таджыкскі нацыянальны універсітэт, Універсітэт сусветнай эканомікі і дыпламатыі (Узбекістан), Агенцтва "Еўрафэкс" (Бельгія).
У рамках праекта ў Беларускім дзяржаўным універсітэце будуць праводзіцца даследаванні і адбудзецца абмен вопытам у галінах адукацыі, эфектыўнага кіравання ва ўмовах развіцця ІТ, міграцыйных працэсаў і рэгіянальнай бяспекі. Чакаецца падрыхтоўка сумесных навуковых публікацый, будуць распрацаваныя курсы і праграмы на англійскай мове, таксама магчыма стварэнне сумесных магістарскіх праграм.