Супраць экс-кіраўніка "Беларусьфільма" распачалі крымінальную справу

Былы кіраўнік кінастудыі падазраецца ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі пры перадачы правоў на фільм "З 8 сакавіка, мужчыны", які быў зняты з удзелам бюджэтных сродкаў.
Sputnik

МІНСК, 23 мая — Sputnik. Крымінальная справа за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі ўзбуджаная ў дачыненні да былога генеральнага дырэктара нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", паведамілі Sputnik у МУС рэспублікі.

"Беларусьфільм" плануе выйсці на замежны рынак

Крымінальную справу распачалі па выніках праверкі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС і Генпракуратуры.

Кіношная "шматхадовачка"

Згодна з вынікамі праверкі, экс-кіраўнік "Беларусьфільма" падазраецца ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі пры выкарыстанні выдзеленых Мінкультам сродкаў на вытворчасць камедыі "З 8 сакавіка, мужчыны".

У 2012 годзе Мінкульт і "Беларусьфільм" заключылі дагавор на сумесную вытворчасць і выкарыстанне гэтага фільма коштам амаль у паўтара мільёна долараў. З дзяржбюджэту на стужку Мінкульт вылучыў каля паўмільёна долараў, столькі ж вылучыла ўласных сродкаў і кінастудыя. Меркавалася, што правы на карціну будуць належаць міністэрству.

Праз год экс-кіраўнік "Беларусьфільма" ад асобы кінастудыі заключыў дамову на здымкі фільма з расійскай студыяй "Маскіт", укладанні якой таксама склалі паўмільёна долараў.

"Пасля кіраўнік кінастудыі, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, наўмысна заключыў у кастрычніку 2013 года дамову з трэцяй асобай (таксама расійскі суб'ект гаспадарання) на кінатэатральны паказ названага фільма на тэрыторыі ўсяго свету, а ў студзені 2014 года падпісаў дадатковае пагадненне аб перадачы ім выключнага права на фільм", — паведамілі ў МУС.

Падазраваны, адзначылі ў ведамстве, загадзя ведаў, што праваўладальнікам на той момант з'яўлялася Міністэрства культуры, а кінастудыя атрымае на яго правы толькі пасля падпісання акта прыёмкі ў ліпені 2014 года. Заробленыя на камедыі сродкі павінны былі накіроўвацца на развіццё кіно, а студыя павінна была даваць справаздачу аб выдаткоўванні гэтых сродкаў перад міністэрствам.

Шкода дзяржінтарэсам

На думку МУС, былы кіраўнік "Беларусьфільма" сваімі дзеяннямі "ўчыніў істотную шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам".

Ці атрымаецца выратаваць беларускі кінематограф? Разбіраемся з прадзюсарам

Нанесеная шкода выяўляецца ў "страце Мінкультам і кінастудыяй правоў на самастойнае выкарыстанне фільма на тэрыторыі ўсіх краін свету, прычыненні страт у выглядзе неатрымання прыбытку ад камерцыйнага выкарыстання фільма, не накірунку названага прыбытку на развіццё айчыннай кінематаграфіі і запаволенні яе рэфармавання, пагаршэнні эканамічнага становішча кінастудыі, падрыве яе дзелавой рэпутацыі".

У МУС прыводзяць і лічбы: на выкарыстанні фільма "З 8 сакавіка, мужчыны" расійскі бок зарабіў амаль тры мільёны долараў. Мінкульт і "Беларусьфільм", якія ўклалі сродкі ў карціну, прыбытку не атрымалі.

"Таксама адметны той факт, што ў цяперашні час прадпрыемствы — рэзідэнты Рэспублікі Беларусь дзяржаўнай формы ўласнасці вымушаныя выкупляць права пракату названага фільма на тэрыторыі краіны ў замежных юрыдычных асобаў, якім ТАА "Маскіт" за ўзнагароджанне даверыла рэалізацыю пракату разгляданага кінапрадукта", — заключылі ў МУС.

Што за фільм і хто вінаваты?

Імя падазраванага ў МУС не называюць, аднак супаставіць факты не так складана. Падчас здымак і выхаду фільма "З 8 сакавіка, мужчыны" кінастудыяй кіраваў Алег Сільвановіч, у 2015-м на гэтай пасадзе яго змяніў Ігар Поршнеў.

Новы гендырэктар "Беларусьфільма": трэба зразумець, што перашкаджае працы

Сам жа фільм "З 8 сакавіка, мужчыны" мала ў каго асацыяваўся з Беларуссю — яго зняў расійскі рэжысёр Арцём Анісенка, там задзейнічаны расійскія акцёры, сярод якіх — Максім Вітарган.

Дарэчы, на партале "Кінапошук" бюджэт карціны паказваецца як тры мільёны долараў, а зборы на тэрыторыі Расіі — як 2,5 мільёна долараў.

У той жа час водгукі на карціну негатыўныя: ацэнка на тым жа "Кінапошуку" складае крыху больш за пяць балаў з дзесяці, а на IMDb — усяго 4,6 з дзесяці.