Нацыянальны балет "Анастасія" першымі ўбачаць шахцёры

Пастаноўку пра Анастасію Слуцкую пакажуць на сцэне Вялікага тэатра напрыканцы кастрычніка.
Sputnik

МІНСК, 25 мая — Sputnik. Першымі гледачамі нацыянальнага балета "Анастасія" стануць беларускія шахцёры, распавёў карэспандэнту Sputnik генеральны дырэктар тэатра Уладзімір Грыдзюшка.

Больш за паўтары тысячы гледачоў убачылі балет "Вітаўт" у Вільнюсе

"Першы паказ — гэта будзе здача мастацкаму савету — мы зробім для шахцёраў. Запросім столькі гарнякоў, колькі будзе жадаючых прыехаць сюды, таму што робім спектакль пры падтрымцы Беларуськалія", — растлумачыў Грыдзюшка.

Цяпер у тэатры ўжо ідуць рэпетыцыі пастаноўкі, нягледзячы на тое, што самая актыўная пара пачнецца з 15 жніўня, калі артысты выйдуць з адпачынку.

Гістарычны балет стварае харэограф, балетмайстар-пастаноўшчык народны артыст Беларусі Юрый Траян. У яго ўжо ёсць досвед працы з "нацыянальным прадуктам": пяць гадоў таму менавіта Траян паставіў на сцэне Вялікага нашумелы балет "Вітаўт" Вячаслава Кузняцова.

У ліку стваральнікаў балета — дырыжор-пастаноўшчык Андрэй Галанаў, мастак-пастаноўшчык Аляксандр Касцючэнка, мастак-пастаноўшчык і аўтар касцюмаў Кацярына Булгакава. Аўтарства лібрэта — справа рук Анатоля Дзялендзіка, які быў аўтарам сцэнара знакамітай айчыннай кінастужкі "Анастасія Слуцкая".

"Мы ўпэўненыя, што гэты спектакль будзе не менш паспяховым, чым усімі ўпадабаны "Вітаўт", — падкрэсліў Грыдзюшка.