МІНСК, 29 мая — Sputnik. Стылізаваныя пад даўніну люкі, упрыгожаныя гербам, з'явіліся на пешаходных вуліцах у Гродне, паведамляецца на сайце Гродзенскага аблвыканкама.
На люках выява герба Гродна — святы алень Губерт, пазначаная дата заснавання горада, а таксама пераклад яго назвы на тры мовы — рускую, англійскую і кітайскую.
Як распавёў дырэктар Гродзенскіх цеплавых сетак РУП "Гроднаэнерга" Генадзь Купраш, першую партыю з 50 дэкаратыўных люкаў ужо ўсталёўваюць на пешаходных вуліцах Гродна. Пачалі з вуліцы Савецкай — менавіта па ёй пройдзе святочнае шэсце XII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.
У далейшым на прадпрыемстве плануюць замяніць люкі ў гістарычнай частцы Гродна, якая з'яўляецца цэнтрам прыцяжэння турыстаў.