Пайшоў з жыцця гісторык Арсень Ліс

Беларускаму гісторыку і літаратуразнаўцы было 84 гады, у апошнія часы ён вельмі хварэў.
Sputnik

МІНСК, 29 мая — Sputnik. Беларускі літаратуразнаўца, фалькларыст і гісторык Арсень Ліс памёр на 85-м годзе жыцця, аб гэтым на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміла гісторык Ніна Стужынская.

Арсень Сяргеевіч Ліс нарадзіўся 4 лютага 1934 года у Вётхаве (сёння гэта Смаргонскі раён). Доўгі час працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Гісторык даследаваў традацыйную культуру беларусаў, літаратуру, гісторыю і перыядычны друк Заходняй Беларусі, а таксама жыццё і дзейнасць дзеячаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руха. З 2004 па 2008 год быў членам экспертнага савета ВАК.

Лісу належыць аўтарства манаграфій "Браніслаў Тарашкевіч", "Вечны вандроўнік: нарыс пра мастака Язэпа Драздовіча" і многіх іншых.

За дасягненні гісторык атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР у 1986 годзе, стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Максіма Гарэцкага за кнігу "Цяжкая дарога свабоды" ў 1994 годзе, а таксама ўладальнікам медаля Язэпа Драздовіча "за руплівасць на ніве беларускага мастацтва".