"Ралан Гарос": Азаранка і Сабаленка зняліся з парнага разраду

Раней беларускі прайгралі свае стартавыя матчы ў адзіночным разрадзе.
Sputnik

МІНСК, 30 мая — Sputnik. Беларускі дуэт Вікторыя Азаранка і Арына Сабаленка зняліся з парнага разраду Адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе ("Ралан Гарос"), паведамляе Sputnik.

Сёння беларускі павінны былі згуляць у першым раўндзе жаночага парнага разраду "Ралан Гарос" супраць расіянкі Святланы Кузняцовай і чэшкі Луцыі Шафаржовай.

Аднак матч быў адменены з-за адмовы прадстаўніц Беларусі. Прычыны, па якіх Азаранка і Сабаленка зняліся з турніру, не называюцца.

Нагадаем, раней абедзве спартсменкі прайгралі свае стартавыя матчы ў адзіночным разрадзе: Сабаленка саступіла Кікі Бертэнс з Нідэрландаў, Азаранка — чэшцы Кацярыне Сіняковай.

У адзіночным разрадзе засталася толькі Аляксандра Сасновіч. У другім крузе яна заўтра, 31 мая, будзе змагацца з Кікі Бертэнс.