МІНСК, 31 мая — Sputnik. Служба бяспекі Украіны дапытала 48 чалавек па справе абвінавачанага ў дзяржаўнай здрадзе кіраўніка партала РІА "Новости Украина" Кірыла Вышынскага.
Вышынскі быў затрыманы 15 мая па абвінавачванні ў падтрымцы самаабвешчаных рэспублік Данбаса і здрадзе дзяржаве. Тады ж прайшлі ператрусы ў цэнтральным офісе агенцтва ў Кіеве, у яго прэс-цэнтры, а таксама ў кватэрах некалькіх журналістаў, падчас якіх была затрымана вялікая колькасць "важнай для следства інфармацыі". У чацвер, 17 мая, суд у Херсоне арыштаваў Вышынскага на 60 дзён без магчымасці ўнясення закладу.
Пасяджэнне апеляцыйнага суда Херсонскай вобласці па справе Вышынскага працягвалася тры хвіліны — з-за адсутнасці адвакатаў разгляд апеляцыі на меру стрымання журналісту адклалі да 1 чэрвеня. Вышынскі ў зале суда выступаў без абаронцаў. Выглядаў ён спакойна, але стомлена.
Камісар Савета Еўропы па правах чалавека Дуня Міятавіч заявіла, што арышт кіраўніка партала РІА "Новости Украина" Кірыла Вышынскага выклікае глыбокую заклапочанасць.
"Абмежаванні журналісцкай дзейнасці выклікаюць маю глыбокую заклапочанасць у гэтым і іншых падобных выпадках, калі журналісты падвяргаюцца крымінальнаму пераследу ў некаторых краінах Савета Еўропы", — прыводзяцца яе словы на сайце СПЧ.
Вышынскага на Сянцова?
У СМІ актыўна абмяркоўваюць магчымасць абмену Кірыла Вышынскага на ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, які адбывае пакаранне ў РФ за дачыненне да падрыхтоўкі тэрарыстычнага акту. У сваю чаргу афіцыйнай інфармацыі пра тое, што гэтае пытанне хто-небудзь ініцыяваў, няма.
"Пытанне аб абмене ніхто не ініцыяваў, наколькі мне вядома. Прынамсі, мне не вядома нічога пра тое, што нейкія ініцыятывы паступалі б", — сказаў Пяскоў журналістам, адказваючы на пытанне, ці гатовая Расія абмяняць асуджанага Сянцова на Вышынскага.
Нагадаем, што Сянцоў быў асуджаны судом РФ на 20 гадоў калоніі па абвінавачанні ў арганізацыі тэрактаў у Крыме. Гэтым прысудам да 10 гадоў пазбаўлення волі таксама быў асуджаны яго саўдзельнік Аляксандр Кольчанка. Яшчэ два фігуранты гэтай справы, Аляксей Чырній і Генадзь Афанасьеў, раней атрымалі па сем гадоў зняволення.
Ерафеева і Аляксандрава на Саўчанка
Між тым, у найноўшай гісторыі Расіі і Украіны ёсць вопыт падобнага абмену.
У 2016 годзе суд па справе аб забойстве двух расійскіх журналістаў УДТРК на тэрыторыі Украіны прысудзіў да 22 гадоў пазбаўлення волі ўкраінскую лётчыцу Надзею Саўчанка. Суд устанавіў, што 17 чэрвеня 2014 года Саўчанка адкарэктавала артылерыйскі агонь па групе луганскіх апалчэнцаў і расійскіх журналістаў, у выніку якога загінулі супрацоўнікі УДТРК Ігар Карнялюк і Антон Валошын.
Сваякі загінулых звярнуліся з просьбай да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна пра яе памілаванне. Пасля падпісання адпаведнага ўказа Саўчанка была перададзена ўкраінскім уладам.
У гэты ж дзень вярнуліся ў Расію асуджаныя ў Кіеве на 14 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ва ўдзеле ў баявых дзеяннях у зоне канфлікту на баку ЛНР расіяне Яўген Ерафееў і Аляксандр Аляксандраў.
Адбылося гэта на падставе ратыфікаванай Украінай і Расіяй Еўрапейскай хартыі аб перадачы асуджаных асоб.
Палітыка на Шаройку?
У Беларусі таксама тэма "абмену шпіёнамі" стаіць у парадку дня.
У лютым 2018 года ўкраінскі журналіст Павел Шаройка быў асуджаны ў Мінску на восем гадоў пазбаўлення волі за шпіянаж.
Адказваючы ў мінулую пятніцу на пытанне аб "шпіёнскім" абмене паміж краінамі (на Украіне за шпіянаж судзяць беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыку — Sputnik), кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што дадзеныя справы паміж сабой не звязаныя і няма падстаў гаварыць у гэтай сувязі аб абмене. Разам з тым старшыня Камітэта дзяржбяспекі адзначыў, што Беларусь не збіраецца адмаўляцца ад практыкі раўнацэннага абмену шпіёнамі.