Пагадненне аб прызнанні візаў з Расіяй будуць абмяркоўваць у верасні

Краіны будуць улічваць і вопыт прымянення "спартыўнага пагаднення", якое будзе дзейнічаць на час ЧС-2018.
Sputnik

МІНСК, 1 чэр — Sputnik. Пагадненне па ўзаемным прызнанні візаў паміж Беларуссю і Расіяй зноў будуць абмяркоўваць з верасня, паведаміў у пятніцу журналістам начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС рэспублікі Аляксей Бягун.

Замежныя грамадзяне сёння не могуць перасякаць беларуска-расійскую мяжу з-за адсутнасці міжнародных пунктаў пропуску. Вырашэннем пытання бакі бачаць падпісанне пагаднення аб узаемным прызнанні візаў — яго Беларусь і Расія абмяркоўваць яшчэ з мінулага года, аднак так і не падпісалі.

"Пытанне ўжо неаднаразова абмяркоўвалася. Давайце перажывем зараз практычнае прымяненне "спартыўнага пагаднення", паглядзім механізм узаемадзеяння праваахоўных і інфармацыйных рэсурсаў, у верасні кансультацыі і перамовы працягнуцца", — распавёў журналістам Бягун.

Па словах прадстаўніка МУС, пагадненне па прызнанні візаў "не адкладзена на далёкую паліцу", а праца над ім вядзецца.

"Ёсць цэлы шэраг пытанняў, якія патрабуюць узгаднення", — адзначыў ён і паўтарыў, што ўлічвацца будзе таксама вопыт прымянення "спартыўнага пагаднення".

"Спартыўнае пагадненне" Беларусь і Расія падпісалі напрыканцы мая. Згодна з ім, на час буйных спартыўных мерапрыемстваў (Чэмпіянату свету па футболе 2018 і Еўрапейскіх гульняў 2019) замежныя заўзятары змогуць перасякаць беларуска-расійскую мяжу.