Пачаўся кастынг вядучых дзіцячага "Еўрабачання 2018"

Вядучых шукаюць як сярод дарослых, так і сярод дзяцей - абяруць іх на адкрытым кастынгу.
Sputnik

МІНСК, 5 чэр — Sputnik. Кастынг вядучых дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018" стартуе ў Беларусі, паведамілі Sputnik у прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Пачаўся адбор на дзіцячае "Еўрабачанне 2018" ад Беларусі

Дзіцячае "Еўрабачанне 2018" пройдзе ў Мінску 25 лістапада гэтага года. Неўзабаве будуць вядомыя прадстаўнікі ўсіх краін на папулярным конкурсе, а пакуль працягваецца актыўная падрыхтоўка да падзеі.

"Галоўны медыяхолдынг краіны шукае яркіх, харызматычных і мэтанакіраваных людзей — дарослых і дзяцей ва ўзросце ад 9 да 14 гадоў, якія не баяцца цяжкасцяў і гатовыя прайсці ўсе этапы адбору, каб стаць вядучымі адной з галоўных музычных падзей Еўропы — дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне- 2018", — паведамілі Sputnik у Белтэлерадыёкампаніі.

Кандыдаты на ролю вядучых павінны выдатна ведаць англійскую мову, умець трымацца на сцэне і імправізаваць, працаваць у кадры, а таксама мець досвед працы ў прамым эфіры або ўдзелу ў буйных тэлепраектах.

"Па выніках кастынгу арганізатары абяруць вядучых, якія найбольш гарманічна ўпішуцца ў агульную канцэпцыю музычнага форуму. Шчасліўчыкам трэба будзе справіцца са складанай задачай: працаваць на асноўнай сцэне для шматмільённай аўдыторыі тэлегледачоў і паралельна размаўляць з удзельнікамі ў Грын-руме, таму што менавіта там — самыя яркія моманты і шчырыя эмоцыі", — адзначылі ў медыяхолдынгу.

Для ўдзелу ў кастынгу прэтэндэнтам неабходна дасылаць свае фатаграфіі і кароткія прэзентацыйныя ролікі з гісторыяй пра сябе на eurovision@tvr.by. Заяўкі прымаюцца да 15 ліпеня 2018 года.

Імёны вядучых маштабнага праекта стануць вядомыя пасля таго, як эксперты праекта і Еўрапейскі вяшчальны саюз вывучаць відэазапісы ўсіх прэтэндэнтаў і выберуць лепшых.