Гурт Intelligency: апошнія аўтарытэты індустрыі - Мулявін і Ціхановіч

Пра айчынную музычную крытыку, беларускую мову і ганарары з музыкамі пагутарыла карэспандэнт Sputnik Алеся Шаршнёва.
Sputnik

Мінскі электронны live-band Intelligency шырока вядомы ў асяроддзі аматараў электроннай музыкі. Напачатку мая гурт адзначыў пяцігоддзе. З гэтай нагоды заснавальнікі — Усевалад Доўбня і Юрый Тарасевіч — грунтоўна і з гумарам расказалі пра мінулы канцэртны тур і планы на будучыню.

"Раней кайфавалі ад выступаў, цяпер — ад сябе"

Нядаўна хлопцы вярнуліся з чарговага тура — дзевяць гарадоў і столькі ж незабыўных выступленняў. Расказаць адным словам пра міні-трып немагчыма, таму прапанавалі віктарыну — адзін горад — адно слова пра выступ.

Вось што атрымалася: Смаленск — гераічны, Віцебск — каверны, Піцер — немнагалюдны, Кіеў — круты, Адэса — самы незвычайны, Гомель — дамашні, Гродна — прыемны, Тула — нечаканы, Масква — драйвовы. Мінск у гэтым пераліку атрымліве Гран-пры як адзін з самых знакавых гарадоў, таму што гэта дамашняя пляцоўка.

Гурт Intelligency

У цэлым, хлопцы кажуць, што за пяць гадоў музычнага шляху змянілі сваё стаўленне да выступаў і да ўласнай творчасці цалкам.

"Адносіны да канцэртаў сталі больш дарослымі. Мы зараз кайфуем не проста ад выступаў, а ад якасці сваёй ігры, ад таго, як слаім аранжыроўкі ўжывую. Раней ад уласных выступаў мы атрымлівалі больш эмацыйную асалоду, зараз жа — прафесійную", — расказвае Усевалад.

"Ну і банальна змянілася абсталяванне. Дзякуючы яму абнавіўся і set-up, які выдатна дапаўняе нашу дзейнасць", — дадае Юрый.

Кліп ад Макарэвіча каштаваў 200 долараў

Гурт Intelligency называе сябе "недарагімі артыстамі". Калі-некалі даводзіцца атрымаць за выступ 1-1,5 тысячы долараў, але ў сярэднім кошт пытання значна меншы  - прыкладна 400 долараў.

Бывае, што хлопцы граюць бясплатна. У такім выпадку самы галоўны крытэр — атмасфернасць і цікавасць пляцоўкі.

Усе атрыманыя сродкі ідуць на развіццё гурта, творчых праектаў. Не так даўно выйшаў першы кліп на песню "Ты". Відэа абыйшлося прыкладна ў 200 долараў. Лічба незвычайныя, калі ўлічваць той факт, што ў Беларусі ў сярэднім на кліпы мясцовыя зоркі трацяць ад 1 да 5 тысяч долараў.

Хлопцы кажуць, што ўва многім гэта заслуга рэжысёра Макара Макарэвіча.  

"Такая ж справа была, калі людзі пыталіся, колькі мы выдаткавалі на альбом. І мы заўсёды адказвалі — ноль. Ёсць нейкія ўскосныя выдаткі, звязаныя, напрыклад, з адсутнасцю студыйнага абсталявання, але яны нязначныя. Мы нават рэпетыруем у вентыляцыйнай камеры і не скардзімся", — кажа Юрый.

"Чалавек павінен кахаць, а не пакутаваць, чытаючы на мове"

Для музыкаў няма межаў — спяваюць на англійскай, беларускай і ўкраінскай мовах. Пачыналі, дарэчы, з англійскай, але потым захацелася эксперыментаў. Што тычыцца тэкстаў на беларускай і ўвогуле прасоўвання роднай мовы ў краіне, тут у іх ёсць свая грунтоўная пазіцыя.

Гурт Intelligency

"Чамусьці пытанне культуры зводзіцца выключна да беларускай мовы. Яна выкарыстоўваецца як фарба, з дапамогай якой людзі спрабуюць адрамантаваць разбураны будынак культуры. Але гэта павярхоўнае ўспрыманне праблемы", — кажа Усевалад.

Хлопцы ўпэўненыя, што мова пачынаецца не ў падручніках, і нават не ў школе, а на тэлебачанні, у інтэрнэце, на забаўляльных платформах.

Яны кажуць, што нават у суседзяў публіка выдатна ўспрымае беларускамоўныя трэкі і з захапленнем адгукаецца на іх.

"Чалавек павінен не пакутаваць, чытаючы на беларускай мове, а жартаваць і кахаць. Зараз беларускамоўныя дзеячы ў культуры — гэта асобная тусоўка, яна нам iмпануе. Асаблiва дзейнасць такiх людзей, як Сяргей Будкiн i яго праекты. Але калi астатнiя так i будуць самi ў сабе, такая пазіцыя завядзе нас у тупік", — падкрэсліваюць музыкі-эксперыментатары.

Ад сябе Усевалад дадае: "Я не нацыяналіст, а касмапаліт, але разумею: каб беларусы не страцілі сябе, патрэбна масавая культура на мове. Менавіта таму мы і сталі пісаць трэкі на беларускай. Каб у людзей у плэерах была сучасная музыка на роднай мове".

"Музычных крытыкаў у нас — кожны другі"

Неад'емная частка жыцця сучаснага беларускага гурта — узаемадзеянне з крытыкамі. Хлопцы дакладна ведаюць, што ёсць у беларускай тусоўцы людзі, які ставяцца да іх негатыўна, незалежна ад вынікаў працы.

Земфіра, LP і Monatik: 10 фестываляў, якія нельга прапусціць летам 2018

"Нам нармальна дастаецца ад крытыкаў, таму што яны не разумеюць, як "такая" музыка можа падабацца вялікай колькасці людзей", — кажа Юра.

Музыкі прызнаюцца, што раней востра ўспрымалі крытыку ў свой бок і не маглі вызначыцца, як да яе ставіцца. Дакладнай была толькі пазіцыя "публічна не рэагаваць". Яна, дарэчы, застаецца актуальнай і зараз.

"Якаснай музычнай экспертызы ў Беларусі і нават у СНД на сёння няма, таму што самой індустрыі няма. Калі чалавек крытыкуе музыку, якая падабаецца вялікай колькасці людзей, ён павінен абгрунтавана патлумачыць сваё меркаванне. Калі няма доказаў і разумення, адкуль пайшоў такі стыль, такі саунд і чаму гучыць менавіта так, а не інакш, то гэта не крытык, а аматар, якіх у нас — кожны другі. Катэгорыі "падабаецца — не падабаецца" — гэта абывацельскае меркаванне", — упэўнены Усевалад.

Як бы пафасна гэта ні гучала, але Intelligency лічаць, што галоўнымі крытыкамі ўсё ж такі застаюцца слухачы.

Нечакана, але адзінымі аўтарытэтамі беларускай музыкі, якія ў свае часы былі звязаныя з індустрыяй і прасоўвалі яе, Усевалад называе Уладзіміра Мулявіна і Аляксандра Ціхановіча і дадае, што са смерцю Ціхановіча памёрла і беларуская папса, якая зараз больш падобная на чорнае поле.

"Крытыкам будзе сорамна"

У бліжэйшых планах у хлопцаў — новы альбом, трэці па ліку. Хітры і незвычайны, спалучэнне "душы і качу".

Гурт Intelligency

"Хочацца, каб нават тыя, хто наўмысна крытыкуе нашу творчасць, пасля гэтага альбому саромеліся так рабіць. Спадзяемся, што альбом спадабаецца людзям, якія здольныя ацаніць якасную музыку", — кажа Усевалад.

Акрамя таго, музыкі плануюць паўтарыць поспех мінулага года — вулічныя танцы. Выступ у беларускай сталіцы запланаваны на 14 ліпеня на Нямізе. Ёсць ідэі адносна выступленняў у іншых гарадах: вулічныя танцы гэтым летам будуць прымаць Украіна і Расія.