Чаму спектакль "С училища" дае важкую аплявуху беларусам?

Карэспандэнт Sputnik Алеся Шаршнёва схадзіла на прэм'еру новай пастаноўкі "З вучылішча" ("С училища") і пераканалася, што аматарам класічнага тэатра на паказ уваход забаронены.
Sputnik

П'еса "З вучылішча" ("С училища") маладога беларускага драматурга Андрэя Іванова паспяхова праявіла сябе на сцэнах расійскіх тэатраў і, нарэшце, дабралася да роднага гледача — у пастаноўцы рэжысёра Аляксандра Марчанкі, нашумелага спектаклямі "Опіум" і "Anti [gone]".

Да Іванова ў беларускіх тэатралаў асаблівае стаўленне — шырока вядомы ў вузкіх колах. Хоць матэрыял яго ўжо бачылі ў Латвіі, Эстоніі, Украіне і нават Уругваі, на радзіме пра яго пакуль кажуць у асноўным у тэатральнай "тусоўцы". Таму тых, хто не ў тэме, прэм'ера павінна прыцягнуць хаця б намінацыяй на адну з самых прэстыжных расійскіх тэатральных прэмій "Залатая маска" ў катэгорыі "Лепшая праца драматурга".

Спектакль "С училища"

Гісторыя дзікай дзяўчынкі з ПТВ на Талбухіна — шчырая размова пра сучасную Беларусь. Тут сутыкаюцца розныя рэчаіснасці — гламурная, з тусоўкамі ў гарадскім хабе, стрыжкамі ў барбершопах і сацыяльнымі сеткамі, і звычайная — з ляжачым бацькам-алкаголікам, беднасцю і працай у рыбным кіёску. Мітусяцца паміж імі і галоўныя героі — "гопніца і малалетка" Танька, яе настаўнік філасофіі Сярожа Курловіч і хлопец-зэк Косцік.

Можна заўважыць ў гэтай жорсткай рэальнасці некалькі адвечных сюжэтаў, але прыхільнікам тэатральнай класікі на прэм'еру лепш не хадзіць. Як і аматарам адпачыць і ханжам: у спектаклі выкарыстоўваецца ненарматыўная лексіка і нават ёсць натуралістычныя пасцельныя сцэны.

Спектакль "С училища"

"Гопніца таксама хоча быць шчаслівай"

Калі глядзець на тое, што на паверхні, то здзівіцца сапраўды складана — традыцыйны любоўны трохкутнік, які пачынаецца з закладу паміж бізнесменам Славікам і філосафам Сярожам. Толькі замест пыжыкавай шапкі — MacBook апошняй мадэлі, а замест савецкага "Будзе бегаць за мной, як сабачка" модны чэлендж — пазбавіць цноты прынцыповую ПТВшніцу. Сюжэт быў бы варты прамога эфіру ў гасцях у Андрэя Малахава, калі б не пару "але".

Гісторыя не такая прымітыўная, як здаецца на першы погляд, і самае цікавае ў ёй тое, што кожны ўбачыць свой сэнс.

Хтосьці адшукае нагоду асудзіць сучаснае пакаленне і зменлівы свет з яго стрымамі, лайкамі і анлайнам ("Зрабі сабе апгрэйд: павегань, знайдзі шкуру"). Іншыя заўважаць суровую беларускую рэчаіснасць ("Не магу больш гэтыя шапкі бачыць, гэты сталінскі ампір і "Хутка Смачна"), пра якую звычайна не кажуць уголас. Ну, а трэція разгледзяць аповяд пра нязвыклае, а часам нават шакуючае каханне і адзіноту ("Ср**ная гопніца хоча быць шчаслівай"). Абавязкова знойдуцца і тыя, хто з-за трапна расстаўленых маячкоў ("Рыбу на "Камарах" купляла", "Мне сніўся Саладуха") проста ўздрадуецца сапраўднаму беларускаму прадукту. Ён па-ранейшаму рэдка сустракаецца ў айчынным мастацтве.

Спектакль "С училища"

Сэнсавы кактэйль выклікае неадназначныя эмоцыі — ад горычы з-за няскладнага лёсу закаханай Танькі да агіды ад бязвольнасці інтэлігентнага Сярожы.

Ёсць у спектаклі месца гумару і нават смеху, але ён як у гогалеўскім "Рэвізоры" — "Над сабой смеяцеся!". Як горкія кпіны гучаць цытаты вялікіх філосафаў, што на працягу ўсяго спектакля прысутнічаюць на сцэне і плачуць крывавымі чырвонымі васковымі слязьмі.

"Нешта мяне прыбіла"

Спектакль арганічна ўпісаўся ў прастору ОК 16. Уявіць яго на звычайнай сцэне немагчыма, таму што прастора перастае быць дэкарацыяй з самага пачатку.

Глядач аказваецца ў эпіцэнтры падзей: артысты свабодна перамяшчаюцца па імправізаванай сцэне, сядзяць у глядзельнай зале. У нейкі момант, затаіўшы дыханне, глядач ловіць сябе на думцы, што падглядае за чужым жыццём, але не ў замочную шчыліну, а на тэатральнай сцэне. Дапамагае ў гэтым і камера, і яркая акцёрская ігра.

Мінімум дэкарацый на галоўнай сцэне дапаўняе экран і музычнае суправаджэнне. Кожны гук і кадр падабраны, каб дапоўніць папярэднія, якія паступова складваюцца ў цэласны малюнак. У патрэбны момант на экране — усхваляваны твар Танькі і сумная рыбіна ў зялёным тазіку — а з калонак — трэкі чатырнаццацігадовай зоркі Алісы Кажыкінай, шум мора ці гук вады ў зліўным бачку. Гэтыя дробязі алегарычныя і зусім невыпадковыя.

Нават гукі мэсэнджараў, якія ўспрымаюцца як знакамітае старажытнакітайскае катаванне кроплямі вады, яшчэ доўга звіняць у вушах разам з ціхім голасам філосафа Сярожы і смехам фанабэрыстага Славіка.

Кожны кампанент — акцёрская ігра, святло, відэашэраг або музыка — успрымаецца як абавязковы элемент сістэмы. Яна творчая, але працуе як гадзіннік.

Вынік працы мастака Андрэя Жыгура, мастака па святле Ірыны Букаты, відэааператара Ігара Вепшкоўскага, акцёраў Ганны Семянякі, Арцёма Курэня, Максіма Брагінца, Аляксандра Малчанава, Людмілы Сідаркевіч, Дзмітрыя Мухіна, Дар'і Новік і ўсёй каманды "АРТ Карпарэйшн" — гэта аб'ёмны спектакль, эмоцыі ад якога ўспрымаюцца ў дзесяціразовым павелічэнні.

Спектакль "С училища"

Пацверджанне таго, што ідэя працуе — захопленыя воклічы ў натоўпе пасля прэм'еры — гучнае "Гэта хардкор!", усхваляванае "Шнураў са сваёй выставай і побач не валяўся" і ціхае "Нешта мяне прыбіла". Так беларусы адрэагавалі на саміх сябе праз прызму тэатральнай фантазіі.

А вы не баіцеся атрымаць жорсткую аплявуху? Тады прыходзьце.