Сышла цэлая эпоха: памерла кінарэжысёр Кіра Муратава

За сваю рэжысёрскую кар'еру яна паставіла больш за 20 фільмаў, у якіх ігралі Уладзімір Высоцкі і Алег Табакоў.
Sputnik

МІНСК, 7 чэр — Sputnik. На 84-м годзе жыцця ў Адэсе памерла савецкі і ўкраінскі рэжысёр, актрыса і аўтар сцэнарыяў Кіра Муратава. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook прадзюсар Юрый Мінзянаў, пазней інфармацыю пацвердзіў муж рэжысёра Яўген Галубенка.

"Пайшла Кіра… з ёй цэлая эпоха… памятаю, як яшчэ студэнтам УДІКа плакаў на "Доўгіх праводзінах". "Вечнае вяртанне" — так называўся апошні фільм Кіры Георгіеўны ў 2012 годзе…" — напісаў прадзюсар Юрый Мінзянаў.

Кіра Муратава нарадзілася ў Бесарабіі, спачатку вучылася на філфаку МДУ, потым паступіла на рэжысёрскі факультэт УДІКа, дзе вучылася ў майстэрні Сяргея Герасімава і Тамары Макаравай, а затым працавала на Адэскай кінастудыі.

Вядомасць маладому рэжысёру прынёс фільм "Кароткія сустрэчы" з Уладзімірам Высоцкім (1967 год), потым, у 1971 годзе былі не менш папулярныя "Доўгія праводзіны" з Зінаідай Шарко, праўда, гэты фільм праляжаў на паліцы больш за паўтара дзесятка гадоў, перш чым глядач змог ацаніць яго. Фільм Муратавай "Астэнічны сіндром" (1989) атрымаў Гран-пры Берлінскага кінафестывалю.

Кіра Муратава знялася ў некалькіх фільмах, была аўтарам сцэнарыя шэрагу карцін. У якасці рэжысёра зняла дваццаць фільмаў.

Апошняй рэжысёрскай працай Кіры Муратавай стаў фільм "Вечнае вяртанне". Ён выйшаў на экраны ў 2012 годзе. Ва ўзросце 80 гадоў Кіра Муратава заявіла, што завяршае кар'еру.