Беларусы з палякамі здымуць мультфільм і выпусцяць у сусветны пракат

Паводле слоў гендырэктара кінастудыі, у цэнтры падзей апынецца Белавежская пушча.
Sputnik

МІНСК, 11 чэр — Sputnik. Мультфільм пра Белавежскую пушчу будзе зняты "Беларусьфільмам" разам з калегамі з Польшчы, заявіў журналістам генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Уладзімір Карачэўскі ў панядзелак.

"У нас ёсць прапановы ад замежных партнёраў. Мы будзем падпісваць пагадненне з польскімі аніматарамі на стварэнне паўнаметражнага анімацыйнага фільма", — падзяліўся Карачэўскі.

"Беларусьфільм" плануе выйсці на замежны рынак

У цэнтры падзей апынецца Белавежская пушча. Стужку маюць намер выпусціць у сусветны пракат.

"Прапаноўваюць не проста ўкласціся грашыма, але і творчымі сіламі", — адзначыў дырэктар "Беларусьфільма".

Ён таксама распавёў, што ў працэсе абмеркавання — прапановы ад расійскіх партнёраў: разглядаюцца некалькі тэм для дакументальнага кіно.

"Ёсць жаданне выпускаць не толькі кароткаметражныя фільмы, але і больш сур'ёзна прадставіць краіну на сусветным кінарынку", — адзначыў ён.

Таксама ёсць верагоднасць хуткага супрацоўніцтва з прафесіяналамі з іншых краін былога савецкага саюза.

"Мы шукаем больш эфектыўную кінавытворчасць", — падкрэсліў ён.