МІНСК, 11 чэр — Sputnik. Штармавое папярэджанне аб'яўлена ў Беларусі на панядзелак 11 чэрвеня і ноч аўторка 12 чэрвеня, паведамілі Sputnik у Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Паводле інфармацыі сіноптыкаў, у панядзелак да 21:00 па заходняй палове краіны чакаюцца навальніцы.
"Пры навальніцах у асобных раёнах шквалістае ўзмацненне ветру, град і моцныя ліўні", — сказалі ў Гідрамеце.
Там таксама паведамілі, што неспрыяльныя з'явы захаваюцца ў першую палову ночы 12 чэрвеня.
У Мінску ў панядзелак навальніца чакаецца з 20:00 да 23:00.
Аранжавы ўзровень небяспекі аб'яўляецца ў Беларусі ў выпадку, калі ўмовы надвор'я могуць прадстаўляць рэальную пагрозу, негатыўна ўплываць на сацыяльна-эканамічную дзейнасць і прыводзіць да значнага матэрыяльнага ўрону, а таксама магчымых ахвяраў сярод насельніцтва.