Вечары Вялікага тэатра ў восьмы раз пройдуць у замку Радзівілаў

Прыхільнікаў класічнай музыкі, оперы і балета запрашаюць на традыцыйнае мерапрыемства ў "беларускі Версаль".
Sputnik

МІНСК, 15 чэр — Sputnik. Канцэртная праграма"Беларускі Рамантызм" адкрые "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў" у гэтым годзе, паведамілі ў прэс-службе тэатра.

Балетнае лета ў Вялікім: гледачам прадставілі пастаноўку "Орр і Ора"

Традыцыйна музычны марафон пройдзе на некалькіх пляцоўках — у Фарным касцёле, Тэатральнай зале замка, а таксма на галоўнай сцэне ва ўнутраным двары.

Фестывальная праграмма распачнецца 22 чэрвеня ў касцёле Божага цела і працягнецца ва ўнутраным двары замка вечарам класічнага балета. Зоркі балетнай трупы беларускага Вялікага прадставяць гледачам самыя яскравыя сцэны з балетаў "Лебядзінае возера" і "Карсар".

Другі дзень фестывалю ў Нясвіжы, 23 чэрвеня, пачнецца з канцэртнай праграмы "Чатыры стагоддзі беларускай вакальнай музыкі", якая прагучыць у Тэатральнай зале замка Радзівілаў. Таксама ў гэты дзень прагучаць рамансы Сяргея Рахманінава ў выкананні салісткі оперы Кацярыны Галаўлёвай.

Суботні вечар пройдзе ў атмасферы кахання і самоты. На галоўнай сцэне фестывалю ва ўнутраным двары замка будзе разыграна драма кахання і смерці бліскучай парыжскай куртызанкі Віялеты Валеры.

24 чэрвеня вядучыя салісты беларускай оперы, балета і музыканты струннага квінтэта "Серэнада" запрашаюць прыхільнікаў танга-музыкі, гарачых паўднёвых напеваў і мелодый у Тэатральную залу Нясвіжскага замка.

Завершыцца фестываль Гала-канцэртам зорак оперы і балета, які адбудзецца на галоўнай сцэне.