МІНСК, 19 чэр — Sputnik. Штогадовы праект-падарожжа "1.1.1" пройдзе па маршруце Ушачы-Бычкі-Пуцілкавічы, паведамілі ў Літаратурным музеі імя Петруся Броўкі.
Экскурсія па бацькоўскіх хатах і родных мясцінах знакамітых беларускіх творцаў — Петруся Броўкі, Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна — пройдзе 23 чэрвеня.
Арганізатары абяцаюць, што падчас падарожжа ў рэжыме нон-стоп будуць гучаць вершы і проза знакамітых аўтараў. За гэта кожны ўдзельнік літаратурнай экспедыцыі зможа атрымаць зніжку на квіток.
Першай кропкай падарожжа стануць Ушачы. Тут госці змогуць убачыць "бацькоўскі вяз" Барадуліна і наведаць яго дом. Важным пунктам будуць мясцовыя могілкі, дзе пахаваны народны паэт. Там знаходзіцца валун з высечаным на ім крыжом, які быў пастаўлены па просьбе самога Барадуліна ў якасці надмагільнага помніка восенню 2015 года.
У вёсцы Бычкі, дзе нарадзіўся Васіль Быкаў, падарожнікаў чакае сустрэча са сваяком пісьменніка Мікалаем Хараком, які наглядае за Сядзібай-музеем.
Апошнім пунктам падарожжа стане вёска Пуцілкавічы, дзе нарадзіўся народны паэт Беларусі — Пятрусь Броўка. Там чакаецца знаёмства з Міхаілам Сысом, які зараз кіруе Хатай-музеем Броўкі. Скончыцца вандроўка па Віцебшчыне спевамі і танцамі.