МІНСК, 22 чэр — Sputnik. Цырымонія адкрыцця мемарыяла ў Трасцянцы пройдзе ў прысутнасці першых асоб Беларусі, Германіі і Аўстрыі, паведаміў на пляцоўцы нефармальнага міністэрскага дыялогу краін "Усходняга партнёрства" кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей.
Паводле яго слоў, сімвалічна, што гэтая сустрэча праходзіць у той дзень, калі ў Беларусі ўспамінаюць ахвяр Другой сусветнай вайны, якая пачалася для Савецкага Саюза 77 гадоў таму.
"Праз тыдзень прэзідэнт Беларусі адкрые мемарыял у Трасцянцы непадалёк ад Мінска, дзе за 250 тысяч чалавек з усёй Еўропы, у большасці сваёй яўрэі, былі знішчаны нацыстамі. У цырымоніі прымуць удзел прэзідэнты Германіі і Аўстрыі", — анансаваў Макей.
Пад Трасцянцом маюцца на ўвазе тры месцы масавага знішчэння нацыстамі мірных грамадзян у гады вайны непадалёк ад Мінска. На працягу 1942-1943 гадоў ва ўрочышчы Благаўшчына былі вынішчаны каля 150 тысяч чалавек.
Нямецкія акупацыйныя ўлады ў 1943 годзе ў суседнім ўрочышчы Шашкоўка абсталявалі крэмацыйную печ, дзе спалілі каля 50 тысяч чалавек.
У вёсцы Малы Трасцянец непадалёк ад гэтых ўрочышчаў быў арганізаваны нацыстамі працоўны лагер, дзе былі ліквідаваныя апошнія вязні і зняволеныя мінскіх турмаў.