Домрачава завяршыла кар'еру

Першая ў свеце біятланістка, якая атрымала чатыры перамогі на АГ, паведаміла, што пакідае вялікі спорт.
Sputnik

МІНСК, 25 чэр — Sputnik. Чатырохкратная алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава абвясціла аб завяршэнні спартыўнай кар'еры, паведамляе карэспандэнт Sputnik.

Скардзіна не будзе рэзка завязваць са спортам

Сёння беларуская біятланістка склікала адмысловую прэс-канферэнцыю ў Нацыянальным алімпійскім камітэце. Яшчэ да яе пачатку ў СМІ з'явілася інфармацыя, што 31-гадовая Домрачава сыходзіць з біятлона.

"Увесь час я спрабавала знайсці кампраміс, які б дазволіў мне выхоўваць дзіця і сумяшчаць гэта са спартыўнай кар'ерай. На жаль, я не знайшла аптымальнага рашэння, якое б дазволіла сумяшчаць гэтыя дзве важныя вобласці жыцця для мяне. Гэта рашэнне абдуманае і нялёгкае. Але я завяршаю кар'еру", — сказала алімпійская чэмпіёнка.

Нагадаем, тыдзень таму спартыўную кар'еру афіцыйна завяршыў муж Домрачавай Уле Эйнар Б'ёрндален.

Домрачава чатыры разы перамагала на Алімпійскіх гульнях, у апошні раз — на АГ-2018 у Пхенчхане ў складзе жаночай эстафетнай каманды. Акрамя таго, у яе скарбонцы ёсць срэбра і бронза Алімпіяд. Беларуска двойчы станавілася чэмпіёнкай свету (2012 і 2013 гады), двойчы — чэмпіёнкай Еўропы (2007 г.). У сезоне 2014/15 яна выйграла вялікі Хрустальны глобус. У 2014 годзе ёй было прысвоена званне Героя Беларусі.

Раней кар'еру завяршылі яшчэ дзве беларускія біятланісткі: Надзея Пісарава і Надзея Скардзіна.