Лясгасы: грыбоў па-ранейшаму няма і пакуль не прадбачыцца

У лясгасах Мінскай вобласці скардзяцца на адсутнасць ураджаю: па словах спецыялістаў, год будзе зусім бедным на грыбы і ягады.
Sputnik

МІНСК, 25 чэр — Sputnik. Грыбоў у лясніцтвах Мінскай вобласці да гэтага часу няма і ў бліжэйшы час не прадбачыцца, паведамілі Sputnik ў Лагойскім лясгасе.

У гэтым годзе ў Беларусі ў самым пачатку лета ўстанавілася анамальная засуха: сіноптыкі наракаюць на недахоп ападкаў, з-за чаго сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і лясніцтвы сутыкаюцца з праблемай адсутнасці ўраджаю. Дажджы, якія прайшлі ў мінулыя выхадныя, на думку спецыялістаў, значна сітуацыю не палепшылі.

Засушлівае лета. Як ратаваць ураджай бульбы?

"Грыбоў пакуль нават блізка не было. Спярша засуха стаяла, а цяпер тэмпературны рэжым не самы для іх спрыяльны — ночы халодныя. На выхадных дажджамі хоць трохі прамачыла зямлю; калі спадзявацца, што ападкі працягнуцца, а паветра, асабліва, ноччу, ледзь прагрэецца, то праз пару тыдняў, можа быць, нешта і збяром. Але гэта не дакладна", — распавёў Sputnik дырэктар ДЛГУ "Лагойскі лясгас" Яўген Крыскевіч.

Паводле яго слоў, з ягадамі справы ідуць так жа сумна: чарніцы з-за засухі абсыпаліся — ёсць "адзінкавая ягада", сабраць якую вельмі цяжка. Суніцы ўсохла, хіба што маліна нальецца. "У любым выпадку год будзе бедны", — рэзюмаваў спецыяліст.

У Дзяржынскім лясніцтве Мінскага лясгаса сітуацыя аналагічная. "Грыбоў не было ўвогуле. Пасля гэтых дажджоў чакаем, вядома, але пакуль парадаваць няма чым — глуха ўсё і з грыбамі, і з ягадамі", — падзяліўся ляснічы Генадзь Сямёнаў.

Верагодней за ўсё, год будзе неўраджайным, лічыць ён. Спадзявацца на багацце грыбоў у хуткім часе не даводзіцца: "Усё ад надвор'я залежыць, але калі дажджы яшчэ пойдуць і будзе не занадта горача, то нешта павінна з'явіцца, але не ў бліжэйшы час", — перакананы Сямёнаў.