МАГІЛЁЎ, 25 чэр — Sputnik, Марыя Зуева. Ідэя арганізаваць акцыю "Музей у кожны двор" нарадзілася ў дырэктара Круглянскага гісторыка-краязнаўчага музея Віі Гапаевай. Нядаўна мясцовыя жыхары падарылі музею стары савецкі чамадан. Менавіта ён і падказаў ідэю стварэння незвычайнай выязной экспазіцыі.
"У нас няма недахопу ў наведвальніках. Да нас часта прыходзяць на экскурсіі школьнікі. Але ў бацькоў не заўсёды ёсць час прывесці да нас дзіця, і мы вырашылі пайсці да дзяцей самі. Проста прайсці па дварах і расказаць пра тое, як жылі нашы продкі", — распавяла Віа Гапаева.
У чамадане сабраны прадметы побыту, музычныя інструменты, лялька-абярэгі. Экспанаты датаваны XIX — першай паловай XX стагоддзя. Дзіўныя рэчы — ілюстрацыя звычайнага жыцця беларускай вёскі. Але сучасныя дзеці на пытанне, напрыклад, як прасавалі вопратку нашы продкі, толькі развялі рукамі. Некаторыя і зусім выказалі здагадку, што прабабулі і прадзядулі хадзілі ў пакамечаным.
Аднак простыя драўляныя прыстасаванні — рубель і качалка — пераканалі ў адваротным. Дзеці самі паспрабавалі папрасаваць ільняны абрус, і ў іх атрымалася. Займальнай забаўкай стала спроба падняць чыгунок вілкамі. Але асаблівае захапленне ў дзятвы выклікалі трашчоткі, бубны і дудкі. Кожны быў не супраць сыграць у дзіцячым аркестры народных інструментаў.
"Я вучуся ў музычнай школе, граю на фартэпіяна. Бачыла вельмі шмат розных інструментаў. Але такія — упершыню. Цяпер такога на канцэрце не ўбачыш", — падзялілася дзевяцігадовая Аня.
"Фішка" такой выставы, калі ўсе экспанаты дазволена чапаць рукамі, і прыцягвае дзятву. Гэтага няма ў звычайных музеях. Чамаданная экспазіцыя максімальна задавальняе дзіцячую дапытлівасць. Нават сам момант адкрыцця чамадана для гэтай публікі — ужо чараўніцтва і цуд.
"Нам расказалі, што падкова раней была ў кожным доме. Каб было жыццё шчаслівае, яе вешалі рагамі ўверх. Як чаша багацця атрымлівалася. А на вуліцы — наадварот. Гэта як абарона ад бед", — пахваліўся новымі ведамі васьмігадовы Стас.
Круглае — невялікі райцэнтр з насельніцтвам менш за восем тысяч чалавек. За летнія канікулы музей у чамадане пабывае ва ўсіх гарадскіх дварах і завітае да юных жыхароў суседніх вёсак. У Беларусі ўжо ёсць цэлы шэраг незвычайных музеяў. Напрыклад, музей пустой тары ў Ганцавічах, музей ката ў Мінску, музей запалак у Горках. Круглянскі музей у чамадане, лічаць яго стваральнікі, — годны пачатковец у гэтым спісе.