МІНСК, 26 чэр — Sputnik. Міністэрства абароны Беларусі растлумачыла, навошта кожны год на Дзень Незалежнасці праводзяцца ваенныя парады ў цэнтры Мінска.
Падрыхтоўка да парада ў гонар 3 ліпеня працягваецца ў беларускай сталіцы. Зрэшты, рухам тэхнікі па Мінску задаволеныя не ўсе: кіроўцы скардзяцца на перакрытыя вуліцы, гараджане — на шум і сапсаваны асфальт.
"Пераважная большасць грамадзян нашай краіны адназначна падтрымлівае традыцыю правядзення парадаў у Мінску. Напрыклад, у мінулым годзе ваенны парад прыйшлі глядзець 250 тысяч грамадзян нашай краіны і гасцей сталіцы. Па аб'ектыўных прычынах ўсіх жадаючых не маглі змясціць трыбуны", — заявіў у аўторак прэс-сакратар Мінабароны Уладзімір Макараў.
Як адзначыў прадстаўнік ведамства, нават на начных трэніроўках сёлета трыбуны перапоўненыя моладдзю, а ўдзельнікаў параду сустракаюць авацыямі. Растлумачыў ён і сэнс правядзення такіх мерапрыемстваў.
"Парады ў Дзень Незалежнасці Беларусі дэманструюць перш за ўсё тое, што ў нас ёсць што абараняць: мір, стабільнасць, галоўныя каштоўнасці беларускага народа, асноўныя стратэгічныя нацыянальныя інтарэсы, якімі з'яўляюцца суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльная цэласнасць, непахіснасць канстытуцыйнага ладу. Адначасова з гэтым парады паказваюць, што ў нас ёсць чым абараняць усё гэта", — падкрэсліў Макараў.
Ваенны парад у гонар Дня незалежнасці, традыцыйна, пройдзе 3 ліпеня на скрыжаванні праспектаў Пераможцаў і Машэрава — ля стэлы Мінск — Горад-герой. Штогод прымае ўдзел у святочных мерапрыемствах і прэзідэнт рэспублікі Аляксандр Лукашэнка.