Фотафакт: рэдкія серабрыстыя аблокі назіралі пад Мінскам

Аблокі прыгожа пераліваліся ў начным небе, і іх можна было разгледзець нават няўзброеным вокам.
Sputnik

МІНСК, 28 чэр — Sputnik. Досыць рэдкую з'яву — серабрыстыя аблокі — атрымалася сфатаграфаваць аматарам незвычайных атмасферных з'яў пад Мінскам, інфармацыя пра гэта з'явілася ў спецыялізаванай групе ASTROBEL TEAM у сацыяльнай сетцы "УКантакце".

"Вось і зноў у вячэрнім небе назіраюцца серабрыстыя аблокі! Што ні кажы, гэты год вельмі радуе іх з'яўленнем! 27 чэрвеня ў Ратамцы серабрыстыя аблокі назіраліся ўжо адразу пасля 23:00, але, у адрозненне ад мінулага іх з'яўлення, на гэты раз іх было відаць не за гарызонтам, а значна вышэй!" — гаворыцца ў паведамленні.

Аблокі зіхацелі і пераліваліся ў начным небе, яны былі настолькі прыкметныя, што іх можна было ўбачыць няўзброеным вокам.

Серабрыстыя аблокі — самыя высокія ў атмасферы Зямлі, яны бачныя ў асноўным у глыбокім змярканні. Як правіла, іх можна назіраць у летні час: у паўночным паўшар'і часцей за ўсё яны з'яўляюцца з мая па верасень.