МІНСК, 29 чэр — Sputnik. Зацверджаны графік, па якім у Мінску будзе ўключацца святочная ілюмінацыя да Дня Незалежнасці, паведамілі ў Мінгарвыканкаме ў пятніцу.
Святочная ілюмінацыя ў гонар Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь будзе ўключацца адначасова са звыклым вонкавым асвятленнем на працягу ўсіх доўгіх выхадных — з 30 чэрвеня па 3 ліпеня.
Па словах прадстаўнікоў "Мінгарсвятла", прынцыповых новаўвядзенняў у параўнанні з мінулымі вялікімі святамі ў гарадскім ўпрыгожванні не з'явіцца: у штатным рэжыме будуць працаваць аб'ёмныя светлавыя фігуры, праспекты ўпрыгожаць гірляндамі.
"Будуць выкарыстаныя святлодыёдныя гірлянды з шарамі і святлівымі ніткамі рознай даўжыні над праезнай часткай, дэкаратыўныя элементы на апорах, якія зробяць яшчэ яркімі і прыгожымі праспекты Незалежнасці, Пераможцаў, Партызанскі, вуліцу Прытыцкага", — растлумачыў галоўны інжынер Алег Глушанкоў.
Мяркуецца, што ўключацца ўрачыстае асвятленне будзе з надыходам цемры (калі ўмовы надвор'я не ўнясуць свае карэкціроўкі): да прыкладу, 30 чэрвеня яго плануюць уключыць у 22:20. У кожны выхадны святочная ілюмінацыя будзе выключацца апоўначы, а ў ноч з 3 на 4 ліпеня будзе гарэць да трох гадзін ночы.
Важныя дзяржаўныя святы ў Мінску традыцыйна суправаджаюцца шумнымі масавымі гуляннямі, кульмінацыяй якіх становіцца святочны феерверк. Горад з такой нагоды ўпрыгожваюць дэкаратыўнымі элементамі і святочнай ілюмінацыяй — у апошні раз яна з'яўлялася на сталічных вуліцах у Дзень Перамогі.