ВІЦЕБСК, 29 чэр — Sputnik. Копію самалёта У-2 зробленую з срэбра 925-й пробы, ювелір Андрэй Жызнеўскі падорыць Віцебскаму абласному краязнаўчаму музею, паведамляе карэспандэнт Sputnik.
На яе выраб Жызнеўскаму спатрэбілася 26,68 грама срэбра, брыльянт і адзін год жыцця.
"У мяне дзядуля і бацька былі лётчыкамі, таму я вырашыў стварыць мадэль самалёта, як памяць аб іх. А У-2 я абраў, паколькі гэта легендарны савецкі біплан, бо ён не толькі быў асноўным навучальным самалётам савецкіх ВПС, але і выконваў баявыя заданні ў часы Вялікай Айчыннай вайны ", — распавёў Sputnik ювелір.
Па словах майстра, канструкцыя самалёта была настолькі ўдалай, што нават калі пілот кідаў кіраванне, ён мог спланіраваць уніз з хуткасцю адзін метр у секунду.
Каб надаць мадэлі своеасаблівы "налёт часу" майстар пацініраваў срэбра. Прычым, рабіў гэта не рэактывамі, а натуральнымі прадуктамі: яйкамі, тварагом і яблыкамі, якія пры закісанні вылучаюць серавадарод.
Як адзначыў ювелір, ён спадзяецца, што мадэль спадабаецца жыхарам і гасцям горада.
"Я вырашыў падарыць самалёт Віцебску, паколькі люблю гэты горад і хачу, каб у ім было як мага больш цікавага", — дадаў Жызнеўскі.
Урачыстае ўручэнне мініяцюрнай мадэлі У-2 адбудзецца 3 ліпеня ў 12 гадзін дня ў будынку Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.
Раней Андрэй Жызнеўскі зрабіў срэбную копію савецкага танка ІС-2, якую падарыў музею ВАВ у Мінску, за што атрымаў ад ўстановы памятны медаль.