"Ад хвалявання не ела цэлы дзень": палешукі пра прэм’еру "Радзіва Прудок"

Карэспандэнт Sputnik Алеся Шаршнёва патрапіла ў Калінкавічы на паказ спектакля па нашумелай кнізе Андруся Горвата і высветліла, што кропкай адліку ў гэтай гісторыі стаў слоік з мёдам.
Sputnik

"У нас па вёсцы толькі і было размоў: Горватаў унук прыехаў, будзе хату адбудоўваць. Хата была разваленая, яму было вельмі складана, таму мясцовыя прыходзілі пазнаёміцца", — успамінае Надзея Леанідаўна Пархоменка ці проста Цётка Надзя. Менавіта яна стала правобразам знакамітай кніжнай Цёткі Дуні, якая адной з першых сустракала будучага "прудаўскага вялікага пісьменніка" на зямлі продкаў.

Прэм’ера "Радзіва Прудок" на Палессі

"Ён з самага пачатку быў свой чалавек  — сын Івана Горвата. Трэба ж было паглядзець, як размясціўся, як жыве. Я вельмі камунікабельная, таму і пайшла. Слоік з мёдам прынесла. Мы з пустымі рукамі не ходзім", — дадае Цётка.

Да яе ў Андруся цёплыя адносіны. Кажа, што такіх людзей вельмі мала не толькі ў Прудку, але і па ўсёй краіне: сапраўдная душа беларускага народа.

Да кнігі жанчына спачатку ставілася насцярожана. У большасці з-за мясцовай гаворкі, якую Горват перадаў дакладна.

"Ёсць у нас, напрыклад, выраз "пайсці да ветру" — схадзіць у туалет. Спачатку было крыху сорамна, што Андрусь пра гэта напісаў, але потым вырашыла: ну і што тут такога? Узбекі кажуць па-свойму, грузіны — па-свойму, а мы — так. Не трэба саромецца", — падкрэслівае Надзея Леанідаўна і дадае, што некаторыя моманты Андрусь усё ж такі "крышачку перабольшыў".

Тут пачынаецца Прудок

З пяшчотай малады пісьменнік ставіцца і да астатніх жыхароў Прудка. Напрыклад, касірку з мясцовай крамы называе самай лепшай і ўпэўнена кажа, што ўсім беларускім касіркам трэба павучыцца ў яе высокаму ўзроўню абслугоўвання.

"Даўно хацелася разварушыць Палессе"

Сёння вёску Прудок, дзе жыве каля трохсот чалавек, можна назваць одной з самых вядомых вёсак Беларусі. Пра яе ёсць не толькі кніга-дзённік і спектакль, але і нават кароткаметражка, якую купалаўцы знялі да фестывалю мабільнага кіно velcom Smartfilm.

Дарэчы, праца над паўнавартасным спектаклем пачалася пасля таго, як рэжысёр Раман Падаляка выйграў конкурс рэжысёрскіх эксплікацый, арганізаваны Міністэрствам культуры Беларусі. Прэм'ера тэатральнай гісторыі Прудка ў Мінску прайшла 16-17 мая. Купалаўскі рэдка выязджае ў рэгіёны са сваімі пастаноўкамі, але "Радзіва" — справа асаблівая.

"У мяне даўно была думка запрасіць купалаўцаў і разварушыць Палессе. Хацеў прывезці сюды "Людзей на балоце". Але гэта марудны працэсс, таму хутчэй атрымалася напісаць кнігу", — распавёў Андрусь перад прэм'ерай.

Палесская прэм'ера "Радзіва" прайшла на калінкавіцкай сцэне

Сцэна калінкавіцкага Палаца культуры, аб якім мясцовыя жыхары з павагай удакладняюць "Цэнтр вольнага часу" такога даўно не бачыла. За адзін дзень яна літаральна стала братам-блізняткам Камернай сцэны Купалаўскага, а глядзельная зала з багатымі мяккімі крэсламі засталася пустой. Адразу два бясплатныя паказы спектакля, квіткі на які ў сталіцы разбіраюць за некалькі гадзін, сталі сапраўдным святам для мясцовых жыхароў.

Рэжысёр Раман Падаляка падзяліўся, што тэхнічную падрыхтоўку скончылі напярэдадні толькі апоўначы. Кожны супрацоўнік дапамагаў, чым мог. Дырэктар цэнтра Вольга Імедаўна нават падкармлівала купалаўцаў катлетамі і галубцамі падчас мантажу дэкарацый.

Прэм’ера "Радзіва Прудок" на Палессі

"Спектакль атрымаўся цёплым. І там ёсць нейкая энергія, якая астатнім людзям дае стымул, каб таксама нешта рабіць", — упэўнены Падаляка.

Прэм’ера "Радзіва Прудок" на Палессі

Над калінкавіцкімі паказамі працавала ўсё тая ж каманда — акцёры Міхаіл Зуй, Дзмітрый Есяневіч і Святлана Анікей. Горватаўскі космас яны прадстаўлялі ў касцюмах і дэкарацыях ад таленавітай Кацярыны Шымановіч.

"Такога я не чакала"

Палесскія гледачы на саміх сябе ў выкананні купалаўцаў рэагавалі жыва, нават крыху больш эмацыйна чым сталічныя гледачы. Залівіста смяяліся і воклікамі адгукаліся на рэплікі герояў. Высокі мужчына ў зале шчырым "Ага" падтрымаў горватаўскае: "Дзеўкі з цябе ўсе сокі выцягнуць, а потым знойдуць маладога".

Гледачка Святлана разам з маці Тамарай Пятроўнай патрапілі на спектакль з Мазыра выпадкова. "Нечакана, што на нашай сцэне можна зрабіць такую складаную пастаноўку. Пра паміраючую беларускую вёску і любоў да яе", — узрушана дзяліліся эмоцыямі жанчыны. Тамара Пятроўна дадала, што ў маладосці пераглядзела амаль увесь рэпертуар Купалаўскага і вельмі хвалявалася: што ж пакажа моладзь. Моладзь не падвяла і нават уразіла.

Прэм’ера "Радзіва Прудок" на Палессі

Пасля палесскай прэм'еры гледачы доўга не адпускалі акцераў і самаго Андруся. Дзякавалі, абдымаліся, падтрымлівалі. Добразычлівая цётка Надзя, якая прыйшла разам з сястрой і унучкай, не магла схаваць эмоцый. Усміхалася і паўтарала, што такога нават і не чакала, а калі першыя эмоцыі адыйшлі, доўга абдымала дзяўчат з Мінска, каб "наталіць пазітыўный энергіяй".

Прэм’ера "Радзіва Прудок" на Палессі

Пакрысе натоўп пачаў змяншацца. Палешукі адпраўляліся па сваіх справах, але ўсё так жа жыва абмяркоўвалі незвычайную падзею, успаміналі жарты персанажаў і зноў смяяліся.

"Ну што дадому?", — запытаўся сын у старой маці, дапамагаючы сесці ў машыну. "Так, пайшлі. Час ужо пад'есці", — адгукнулася тая. — Я ж увесь дзень не ела — так хвалявалася".