МІНСК, 10 ліп — Sputnik. Пайшоў з жыцця старшыня Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання Мікалай Дземянцей, паведамілі Sputnik у беларускім парламенце.
Вядомы беларускі палітычны дзеяч нарадзіўся ў 1930 годзе ў Чашніцкім раёне. За яго плячыма навучанне ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і Вышэйшай партыйнай школе пры ЦК КПСС.
Першыя крокі ў кар'еры Мікалай Дземянцей рабіў у сваёй роднай Віцебскай вобласці, дзе ён прайшоў шлях ад інспектара абкама да сакратара ЦК КПБ.
У 1989-1990 гады быў старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, а наступныя два гады ўжо кіраўніком Вярхоўнага Савета дванаццатага склікання.
Непасрэдна пад старшынствам Дземянцея 27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет прыняў Дэкларацыю аб суверэнітэце БССР.
У 1997-2000 гадах быў членам Савета Рэспублікі, куды прайшоў па квоце, якая выдаткоўваецца прэзідэнтам Беларусі.