МІНСК, 11 ліп — Sputnik. Электронная бібліятэка БДУ не толькі ўвайшла ў трыццатку лепшых рэпазіторыяў свету, але і замкнула тройку лідараў вузаўскіх рэпазіторыяў, пра гэта паведамляецца на сайце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Па апошніх дадзеных сусветнага рэйтынгу Transparent Ranking of Repositories, электронная бібліятэка БДУ займае 27-е месца ў свеце. Сярод рэпазіторыяў ВНУ яе абышлі толькі зборы электронных выданняў Федэральнага ўніверсітэта Рыа-Грандэ-ду-Сул (Бразілія) і Універсітэта Кіёта (Японія).
Фундаментальная бібліятэка БДУ першая ў Беларусі пачала размяшчаць у адкрытым доступе поўныя тэксты навуковых публікацый, навучальных і метадычных матэрыялаў навукоўцаў і выкладчыкаў універсітэта. Таксама ў бібліятэцы пераводзяць у электронны фармат наяўныя ў яе фондзе дакументы, каб зрабіць іх даступнымі для ўсёй сусветнаё навуковай супольнасці. У цяперашні час у зборы Электроннай бібліятэкі БДУ больш за 130 000 публікацый навукоўцаў і выкладчыкаў універсітэта.
Рэйтынг Transparent Ranking of Repositories улічвае колькасць дакументаў у адкрытым доступе і ступень іх індэксавання пошукавай сістэмай па поўных тэкстах навуковых публікацый Google Scholar. Такім чынам, ацэньваецца ўзровень адкрытасці акадэмічных рэсурсаў і іх інтэграцыя ў сусветную інфармацыйную прастору. Адна з асноўных ідэй рэйтынгу электронных бібліятэк — стымуляванне абмену інфармацыяй паміж навукоўцамі свету за кошт публікацыі вынікаў даследаванняў ВНУ на вузаўскіх сайтах.