Мінчане могуць быць спакойныя: жоўтыя вазы каля цырка дакладна перафарбуюць

Месяц таму мінчане стварылі петыцыю, каб жоўтыя вазы на праспекце Незалежнасці ў раёне паркаў Горкага і Янкі Купалы перафарбавалі ў белы колер.
Sputnik

МІНСК, 16 ліп — Sputnik. У панядзелак быў атрыманы афіцыйны адказ ад камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама на петыцыю з патрабаваннем перафарбаваць вазы на праспекце Незалежнасці ў раёне паркаў Горкага і Янкі Купалы ў традыцыйны белы колер, пра гэта паведаміў карэспандэнту Sputnik аўтар петыцыі Аляксандр.

Мінкульт адказаў на петыцыю супраць "антырэстаўрацыі" беларускіх цэркваў

Месяц таму Sputnik ужо пісаў пра жоўтыя вазы, якія абурылі многіх мінчан. Тады карэспандэнту паабяцалі, што вазам у бліжэйшы час вернуць звыклы выгляд і яны зноў стануць белымі. У панядзелак дадзенае рашэнне афіцыйна пацвердзілі ў лісце ад камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама.

"У сувязі з парушэннем устаноўленага парадку правядзення работ — афарбоўка балюстрады была выкананая балансатрымальнікам без узгаднення каляровага рашэння — камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва ў адрас ДВА "Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама" і адміністрацыі Партызанскага і Цэнтральнага раёнаў Мінска накіраваў патрабаванне аб прыняцці мер па прывядзенню ў належны стан аб'екта аховы гісторыка-культурнай спадчыны", — гаворыцца ў адказе.

Па словах аўтара петыцыі, балансатрымальнік ужо звярнуўся ў Міністэрства культуры за рэкамендацыямі па колерах, у якія будзе афарбавана балюстрада і вазы. Як толькі рашэнне будзе прынята, вазы пафарбуюць у традыцыйны белы колер.