МІНСК, 17 ліп — Sputnik. Складаныя ўмовы надвор'я ў панядзелак 16 ліпеня не прайшлі для Мінска без наступстваў: былі зафіксаваныя падтапленні, перабоі ў руху транспарту, а таксама падзенне дрэў і галінак, паведамілі ў прэс-службе МНС у аўторак.
Па дадзеных ратавальнікаў, увечары 16 ліпеня ў некаторых раёнах Мінска з-за інтэнсіўнага дажджу адбыліся падтапленні. У прыватнасці, на ўчастку дарогі на вуліцы Кіжаватава спецыялістам прыйшлося правесці буксіроўку аўтамабіля, у якім знаходзіліся два дзіцяці 2018 года нараджэння.
У Ленінскім раёне — на ўчастку адной з палос вуліцы Кастрычніцкай — быў абмежаваны рух. Да адпампоўвання вады прыцягнулі як работнікаў МНС, так і валанцёраў МГА Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
А ў Цэнтральным раёне ратавальнікі вымушаны былі адпампоўваць ваду з памяшкання салона прыгажосці. Таксама падтапіла ўчастак пешаходнай зоны на вуліцах Камуністычнай і Рэвалюцыйнай.
Дрэвы ўпалі на чатыры аўтамабілі
Пад паваленымі дрэвамі і галінамі апынуліся чатыры аўтамабілі, а таксама некаторыя ўчасткі тратуара і праезнай часткі. Ратавальнікі аказалі дапамогу па іх распілоўцы і ўборцы.
У Савецкім раёне (на праспекце Незалежнасці) упаў рэкламны шчыт, заблакаваўшы лесвічны марш падземнага пешаходнага пераходу. А ў Заводскім раёне ад плошчы Ванеева да Партызанскага праспекта амаль на паўгадзіны спыніўся рух тралейбусаў пяці маршрутаў.
У ліквідацыі наступстваў ліўня было задзейнічана 12 аўтамабіляў ратавальнікаў, 18 адзінак тэхнікі "Гаррамаўтадар", работнікі КУП "Мінская спадчына", ДВА "МГЖГ" і экіпажы ДАІ.