МІНСК, 18 ліп — Sputnik. Свята паэзіі і песні "Ракуцёўскае лета" пройдзе ў вёсцы Ракуцёўшчына Маладзечанскага раёна 29 ліпеня, паведамілі арганізатары мерапрыемства.
Літаратурны музей імя Максіма Багдановіча ладзіць у гэтых мясцінах тэматычныя імпрэзы кожны год. Менавіта ў фальварку Ракуцёўшчына ўлетку 1911 года малады паэт правеў два месяцы і напісаў большую частку паэм і вершаў, якія потым увайшлі ў яго паэтычны зборнік "Вянок".
У гэтым годзе гасцей свята чакае літаратурна-музычная імпрэза, у якой будуць удзельнічаць беларускія пісьменнікі, дзеячы культуры і музыкі. Таксама для наведвальнікаў падрыхтавалі экскурсію па фальварку, батлеечнае прадстаўленне, традыцыйныя беларускія гульні і бард-сядзібнік.