Дажджлівае надвор'е захаваецца ў Беларусі ў панядзелак

На большай частцы тэрыторыі краіны ў панядзелак 23 ліпеня пройдуць навальніцы і ліўні.
Sputnik

МІНСК, 23 ліп — Sputnik. Дажджлівае надвор'е захаваецца ў Беларусі 23 ліпеня, паведамілі ў Белгідрамеце.

Дажджлівае надвор'е прыйшло ў рэспубліку ў сярэдзіне ліпеня. У некаторых гарадах Беларусі ўжо выпала больш месячнай нормы ападкаў, з-за ліўняў прыкметна пацярпелі Брэст, Гомель і шэраг іншых населеных пунктаў.

Захаваецца дажджлівае надвор'е і ў бліжэйшы панядзелак 23 ліпеня. Па дадзеных сіноптыкаў, на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы, а месцамі — навальніцы і моцныя ліўні.

Вецер прагназуецца паўночны ўмераны, пры навальніцах магчымы парывы. Тэмпература паветра ўначы складзе +14..+20, днём +21..+27.

Згодна з папярэднімі прагнозамі, аналагічнае надвор'е будзе назірацца ў Беларусі ўсю першую палову будучага тыдня.