Якубовіч на Мі-2 адкрые ЧС па верталётным спорце

Расійскі тэлевядучы быў зачараваны музеем авіяцыйнай тэхнікі ў Баравой, паводле яго слоў, такіх музеяў няма нідзе ў свеце.
Sputnik

МІНСК, 24 ліп — Sputnik. Вядомы расійскі тэлевядучы Леанід Якубовіч, за плячыма якога амаль 20-гадовы стаж кіравання лятальнымі апаратамі, прыме ўдзел у Чэмпіянаце свету па верталётным спорце, паведамляе БелТА.

Адкрыццё сусветнага першынства адбудзецца 24 ліпеня на аэрадроме Ліпкі. У спаборніцтвах прымуць удзел каля 36 экіпажаў з сямі краін, сярод якіх Расія, Польшча, Кітай і іншыя.

Якубовіч разам са знакамітым пілотам Гары Георкавым за штурвалам Мі-2 прымуць удзел у адкрыцці ЧС. Верталёт тэлевядучага пакажа гледачам "варонку на хвасце", баявыя развароты, а таксама праход над зямлёй на вышыні двух-трох метраў.

Авіяцыйная тэхніка на аэрадроме Баравая выклікала ў Якубовіча непадробнае захапленне. Ён адзначыў, што яму даводзілася бываць у многіх краінах, але такога музея тэлевядучы не бачыў нідзе. "Гэта не проста музейная тэхніка ў выдатным стане, гэта гісторыя краіны, у якой мы ўсе жылі, выраслі. Гісторыя краіны, якая перамагла, вось яна стаіць перад вамі. Што самае дзіўнае, гэтага таксама нідзе няма, усё адкрыта", — сказаў Якубовіч, дадаўшы, што няма нічога даражэй за памяць.

Нагадаем, на мінулым ЧС Беларусь заняла другое месца, перамогу святкавала Расія. На сёлетнім першынстве ўдзельнікі будуць спаборнічаць у некалькіх дысцыплінах: "Развозка грузаў", "Навігацыя", "Паралельны палёт", "Камандная эстафета", а таксама "Слалам" (з верталёта трэба спусціць на канаце вядро, напоўніць яго вадой з бочкі, пранесці праз вароты і паставіць на стол).