МІНСК, 25 ліп — Sputnik. Продаж алкаголю ў начны час абмяжуюць ў некаторых раёнах Беларусі, заявіў у сераду першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) Артур Карповіч.
Беларускія праваахоўныя органы працягваюць выступаць з ініцыятывай абмежаваць продаж алкагольных напояў у начны час — як заяўляюць у МУС, гэта ўплывае на зніжэнне ўзроўню злачыннасці ў краіне.
"Гэта пытанне абмяркоўвалася ва ўрадзе, і віцэ-прэм'ер прыняў рашэнне правесці эксперымент — увесці абмежаванне ў некаторых раёнах", — распавёў намеснік міністра.
Паводле слоў Карповіча, у шэрагу раёнаў Беларусі ў начны час продаж алкаголю будзе абмежаваны, пасля чаго ўлады вывучаць вынікі і ацэняць, ці паўплывала гэта на зніжэнне ўзроўню злачыннасці.
У якіх менавіта раёнах будзе ўведзена абмежаванне продажу алкаголю і калі пройдзе гэты эксперымент, прадстаўнік МАРГ не ўдакладніў.