Аршанскія актывісты хочуць выкупіць дом Уладзіміра Караткевіча

Аб'ява аб продажы дома класіка беларускай літаратуры ў Оршы з'явілася на адным з сайтаў па рэалізацыі нерухомасці некаторы час таму, за яго просяць каля 17 тысяч даляраў.
Sputnik

МІНСК 27 ліп — Sputnik. Актывісты аршанскага моладзевага грамадскага аб'яднання "Звяз" збіраюцца выкупіць дом беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, каб захаваць яго і зрабіць пляцоўкай для культурных мерапрыемстваў, такая інфармацыя з'явілася на старонцы аб'яднання ў сацыяльнай сетцы "УКантакце".

Вядома, што актывісты ўжо правялі папярэднія перамовы аб продажы дома з яго ўладальніцай. Калі дом атрымаецца выкупіць, яго захаваюць і створаць там культурную прастору. З мэтай збору сродкаў на куплю дома Уладзіміра Караткевіча "Звяз" у бліжэйшыя дні плануе запусціць краудфандынгавую кампанію на адной з спецыялізаваных інтэрнэт-пляцовак.

"Сябры, мы пачынаем самую масавую і важную кампанію, напэўна, за ўвесь час існавання арганізацыі. І тут патрэбна вялікая дапамога ўсіх людзей, для якіх Орша і Караткевіч — не пустое слова. Дапамагаць можна будзе не толькі фінансава, але і па-валанцёрску", — гаворыцца ў звароце да падпісчыкаў групы "Звяза" ў сацсетцы.

Аб'ява аб продажы дома Уладзіміра Караткевіча, дзе той правёў свае дзіцячыя і юнацкія гады, а таксама напісаў адну з самых вядомых аповесцяў "Дзікае паляванне караля Стаха", з'явілася ў сеціве некаторы час таму. Гаспадыня дома — дачка пляменніцы класіка беларускай літаратуры, хоча атрымаць за яго 33,8 тысячы рублёў з гандлем (каля 17 тысяч долараў ЗША). Гэты будынак можа свабодна прадавацца, паколькі не ўваходзіць у дзяржаўны спіс ахоўных гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Паводле інфармацыі грамадскага аб'яднання "Звяз", уладальніца плануе да верасня аформіць усе дакументы на продаж дома. Валанцёры абвясцілі, што калі да гэтага часу ім не ўдасца сабраць неабходную суму, яны гатовыя ўзяць шэфства над домам і даглядаць за ім да таго, як змогуць выкупіць яго цалкам.