МІНСК, 28 ліп — Sputnik. Брэст у суботу з размахам адзначае сваё 999-годдзе, на вуліцах горада праходзяць народныя гулянні, перадае карэспандэнт Sputnik.
Асноўныя пляцоўкі, дзе разгарнуліся святочныя мерапрыемствы, размешчаны ў цэнтры горада. Берасцейцы і госці абласнога цэнтра актыўна ўдзельнічаюць у народных гуляннях. Вялікі канцэрт, прысвечаны дню нараджэння Брэста, запланаваны на позні вечар.
Павіншаваць гараджан са святам прыбылі людзі з усіх куткоў Беларусі. Акрамя таго на свяце прысутнічаюць прадстаўнікі афіцыйных дэлегацый з 11 краін свету: з Расіі, Украіны, Польшчы, Славакіі, Нідэрландаў, Францыі, Грузіі, Азербайджана, Сербіі, Ізраіля і Турцыі.
Першая згадка пра Брэст датуецца 1019 годам: пра горад пад назвай Бярэсце гаворыцца ў Аповесці мінулых гадоў. За сваю амаль тысячагадовую гісторыю горад не раз разбуралі, ён неаднаразова ўваходзіў у склад розных дзяржаў. Цікава, што 999-годдзе абласнога цэнтра супадае з яшчэ адной важнай датай: 28 ліпеня 1944 года Брэст быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Куды можна пайсці ў Брэсце ў Дзень горада, дзе паглядзець феерверк і многае іншае — чытайце ў даведцы Sputnik.