У суботу ў Мінску паветра прагрэецца да + 27… 29°C, з-за спякоты па рэспубліцы аб'яўлены аранжавы ўзровень небяспекі. Як правесці гэты спякотны дзень — вырашаць вам: у "Дрымлэнд" адбудзецца вялікі арт-пікнік, каля Ратушы — класічны канцэрт, а ў гандлёвым цэнтры — бясплатныя заняткі фітнесом. Шукайце ў традыцыйнай падборцы Sputnik самыя цікавыя мерапрыемствы 28 ліпеня.
FSP Freaky Summer Party
У парку DreamLand у гэтыя выхадныя разгорнецца маштабны штогадовы арт-пікнік Freaky Summer Party. Хэдлайнерамі сёлета сталі Луна, Pompeya, "Пасош" і Warhaus. Выступяць таксама "Петля Пристрастия", Shuma і іншыя музыкі.
Акрамя музыкі і танцаў тут два дні будзе функцыянаваць мноства інтэрактыўных зон, пляцоўка з лекцыямі, вялікі фуд-корт, дзіцячы спот, зоны экстрэмальных забаў і не толькі. Кошт квітка за адзін дзень — 24,99 рубля, за ўікэнд — 34,99 рубля.
Сямейны фестываль "Букідс"
Разам з арт-пікніком у парку DreamLand адкрыецца і сямейны фестываль, куды змогуць бясплатна патрапіць дзеці да 12 гадоў. Для юных гасцей тут будуць арганізаваныя танцы, джаз, тэатр, музычная імправізацыя, майстар-класы, шмат зон з цацкамі, касмічная і навуковая пляцоўкі, сенсарная гульнявая і многае іншае.
Вулічная музыка
На вуліцах Верхняга горада стартуе праект "Пешаходка", у рамках якога кожную суботу тут будуць выступаць вулічныя музыканты. Пачнуць граць ужо ў будучую суботу — у тры гадзіны дня. Усе жадаючыя могуць паслухаць музыку бясплатна.
Food-A-Fest
У сталіцы стартаваў чарговы гастранамічны фестываль: на працягу трох тыдняў у дваццаці сталічных кафэ і рэстаранах прапануюць пакаштаваць пачастункі, якія будуць даступныя наведвальнікам вялікага фестывалю A-Fest — ён пройдзе ў Лошыцкім парку 11 жніўня. Кошт пытання — ад 8 рублёў.
Канцэрт класічнай музыкі каля Ратушы
Працягваецца другі сезон цыкла любімых мінчанамі канцэртаў пад адкрытым небам "Класіка каля ратушы": сусветныя шэдэўры ў самым цэнтры горада можна пачуць у любую суботу аж да канца жніўня.
Абноўленая праграма ўжо даступная: на 28 ліпеня прызначаны "Дзіцячы/недзіцячы канцэрт".
Фітнес на даху паркінга ГЦ
На даху паркоўкі гандлёва-забаўляльнага цэнтра Galleria Minsk працягваюцца бясплатныя заняткі фітнесам для ўсіх жадаючых ад прафесійных трэнераў сталічнай спартыўнай школы. Жадаючых шмат, так што неабходная папярэдняя рэгістрацыя. У суботу 28 ліпеня будзе пілатес.
Фестываль "SHIMKO збірае сяброў"
На беразе ракі Іслач у суботу працягнецца II Міжнародны фестываль з беларускім стронгменам і пауэрліфцерам, рэкардсменам "Кнігі рэкордаў Гінеса" Кірылам Шымко.
На тэрыторыі будзе сканцэнтравана мноства актыўнасцяў (напрыклад, катанне на паветраных шарах, аўтажыры, чэшскія атракцыёны, цырк шапіто і масавыя спаборніцтвы па паяданні нацыянальных страў), будуць граць папулярныя кавер-бэнды і не толькі. Уваход вольны.
Новае (і старое) кіно
Традыцыйна ў чацвер у пракат выйшла некалькі кінапрэм'ер. У суботу, 28 ліпеня, будуць даступныя тры — баявік "Місія невыканальная: Наступствы", фільм жахаў "Прытулак д'ябла" і сямейная карціна "Бэль і Себасцьян: Прыгоды працягваюцца".
У рамках праекта Cinemascope ў кінатэатры "Ракета" у гэты дзень можна ўбачыць драму Віторыо Дэ Сіка "Выкрадальнікі ровараў" (1948) і трылер Альфрэда Хічкока "Псіха" (1960). А ў Музеі гісторыі беларускага кіно да канца ліпеня будуць паказваць знакамітыя музычныя фільмы: 28 ліпеня пройдзе паказ стужкі Бертрана Тавернье "А поўначы" (1986).
У дворыку гатэля "Манастырскі" у Верхнім горадзе працягваюцца суботнія паказы: у гэты дзень можна ўбачыць іспанскі мюзікл Карласа Саўры "Фламенка, фламенка" (2010).
А ў сталічным планетарыі ўсе выхадныя паказваюць рознае незвычайнае сферычнае кіно для дзяцей, а пасля праводзяць экскурсію па зорным небе. Кошт — ад 3,6 да 4,2 рубля за квіток.