Камандна-штабное вучэнне пачалося ў Беларусі

Сярод задач - арганізацыя інжынернага і тэхнічнага забеспячэння аэрадромаў, прыкрыццё аб'ектаў на ваенных дарогах, а таксама выдача і дастаўка на месца гаручага і харчавання.
Sputnik

МІНСК, 31 ліп — Sputnik. Камандна-штабное вучэнне з удзелам органаў ваеннага кіравання, воінскіх часцей і арганізацый тылавога забеспячэння стартавала ў Беларусі ў аўторак.

На працягу трох дзён удзельнікам манеўраў трэба будзе адпрацаваць шэраг задач, у тым ліку пытанні арганізацыі інжынернага і тэхнічнага забеспячэння аэрадромаў, тэхнічнага прыкрыцця аб'ектаў на ваенных дарогах, а таксама пытанні выдачы гаручага, харчавання i маёмасці і дастаўкі іх у раёны перадачы матэрыяльных сродкаў.

Месцам правядзення вучэнняў вызначаны аэрадром у Лідзе, а таксама агульнавайсковыя палігоны Абуз-Лясноўскі і Барысаўскі.

"Мэта вучэння — удасканаленне зладжанасці органаў ваеннага кіравання тылавога забеспячэння ў кіраванні падначаленымі сіламі і сродкамі, павышэнне ўзроўню навучанасці воінскіх часцей і арганізацый тылу па пытаннях забеспячэння ўстойлівага функцыянавання сістэмы тылавога забеспячэння", — растлумачылі ў прэс-службе Мінабароны.

Вучэннем, якое будзе доўжыцца да 2 жніўня, кіруе намеснік міністра абароны па тыле — начальнік тылу Узброеных сіл генерал-маёр Андрэй Бурдыка.