Мінпрыроды выступіла супраць перасоўнага заапарка "Фламінга"

Ведамства рэкамендавала мясцовым органам улады не выдаваць "Фламінга" дазволу на правядзенне выстаў.
Sputnik

МІНСК, 2 жні — Sputnik. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя адказала на запыт актывістаў датычна лёсу скандальнага перасоўнага заапарка "Фламінга".

Мядзведзь з фрустрацыяй: жывёлы пакутуюць ў адным з перасоўных заапаркаў

Перасоўны заапарк стаў прычынай некалькіх рэзанансных публікацый: і ў мінулым годзе, і ў гэтым шмат людзей паведамлялі аб жудасных умовах утрымання жывёл. Актывісты пісалі зварот у Мінпрыроды з заклікам канфіскаваць звяроў і забараніць заапарк.

Ведамства на зварот актывістаў адказала — ліст за подпісам намесніка міністра Аляксандра Корбута быў апублікаваны на сайце з анлайн-петыцыямі. У ведамстве сапраўднасць ліста пацвердзілі.

Як гаворыцца ў лісце, па дзейсным заканадаўстве канфіскаваць жывёл немагчыма — зрэшты, Мінпрыроды ініцыюе адпаведныя змены ў нарматыўна-прававых актах. Акрамя таго, ведамства рэкамендавала мясцовым органам улады не выдаваць дазволу на выставы гэтага перасоўнага заапарка.

Як нагадалі Sputnik у ведамстве, грамадзян, калі яны ўбачаць перасоўны заапарк, просяць паведамляць пра гэта ў тэрытарыяльныя камітэты аховы навакольнага асяроддзя — для таго, каб спецыялісты маглі правяраць умовы ўтрымання звяроў і ведаць пра месцазнаходжанне скандальнага заапарка.