Новы Шэкспір у Купалаўскім: IPhone замест папараць-кветкі і рэп па-беларуску

Карэспандэнт Sputnik Алеся Шаршнёва пасля прагляду спектакля "Сон у купальскую ноч" расійскага рэжысёра Андрэя Прыкатэнкі не можа хаваць здзіўлення.
Sputnik
Кіраўнік Новасібірскага дзяржаўнага драматычнага тэатра "Стары дом" Андрэй Прыкатэнка сваімі пастаноўкамі бударажыць тэатры Расіі, таму ў Мінску яго прэм'ера — адна з самых чаканых ў новым тэатральным сезоне. Ацаніць стыль моднага расійскага рэжысёра мінчане маглі па спектаклі "Мой бедны Марат" падчас гастроляў піцерскага тэатра "Прытулак камедыянта".
Кампазітар Іван Кушнір, мастак-сцэнограф Вольга Шаішмелашвілі, рэжысёр Андрэй Прыкатэнка і мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін
У Купалаўскі Прыкатэнка прыехаў па запрашэнні мастацкага кіраўніка тэатра Мікалая Пінігіна. Матэрыял — п'есу Шэкспіра "Сон у летнюю ноч" — абралі разам з тэатрам, а арыгінальную назву прапанаваў перакладчык Алесь Разанаў.

Стары добры Шэкспір

Ад Шэкспіра ў новай пастаноўцы засталася толькі старая як свет сюжэтная лінія — гісторыя кахання маладых афінян. Архетыпічны сюжэт не робіць пастаноўку прымітыўнай, а дазваляе напоўніць старую гісторыю новым, больш сучасным гучаннем.
П'еса "Сон у летнюю ноч" не першая праца Андрэя Прыкатэнкі з матэрыялам англійскана драматурга. На сваёй сцэне ён ужо ставіў спектакль "Sociopath/Гамлет".
Па словах рэжысёра, менавіта архетыпы робяць працу з Шэкспірам заўсёды вельмі цікавай і непазбежна прыцягваюць увагу гледача.
Сказаць, што ў новым спектаклі тэатралаў пацешаць выключна знаёмыя вобразы і сюжэты, было б злачынствам. У запрошанай каманды разам з купалаўцамі атрымалася замяшаць незвычайны кактэйль з музыкі, відэа, святла і пластыкі, які здольны ўскружыць галаву ў літаральным сэнсе слова.
Спектакль поўны энергіі і яркіх эмоцый, дынамікі і прыгажосці. Новыя тэхналогіі, якія часта ў многіх сучасных пастаноўках выглядаюць недарэчна, у гэтым выпадку ўвасабляюць містэрыю ночы і прымушаюць паверыць, што тое, што адбываецца на сцэне — казачны сон.

IPhone замест папараць-кветкі

Важнае месца ў гісторыі пра купальскую ноч займае сцэна. Мастак-сцэнограф Вольга Шаішмелашвілі разам з майстрам па свеце Мікалаем Сурковым разабралі галоўную драматычную пляцоўку Беларусі як канструктар, які пасля трансфармацыі ператварыўся ў жывы арганізм. Гледачы сядзяць не толькі ў зале, але і на сцэне, якая ўвесь час рухаецца і сваёй тэхналагічнасцю нагадвае аўтамабіль апошняй мадэлі.
Каб уключыцца ў дзейства, не абавязкова ведаць сюжэт ці разумець мову. Дастаткова проста ўключыць на максімум ўсе органы пачуццяў і пагрузіцца ў хвалю кахання і непадробных эмоцый, якія бушуюць у атмасферы Купалаўскага.
Дадайце сюды майстэрства Юліі Шпілеўскай, Паўла Харланчука, Аляксандра Казелы і Паўла Астравуха і атрымаеце цікавы прадукт, які здзіўляе на ўсе 100%. Яны, дарэчы, мяркуючы па тварах, і самі атрымліваюць задавальненне ад нестандартнага бачання Андрэя Прыкатэнкі.
Арганічна выглядаюць на сцэне і касцюмы герояў у стылі casual, і гіраскутары і нават IPhone, якім аўтары замянілі знакамітую папараць-кветку. Гэты і яшчэ некаторыя ключы спектакля — напрыклад, бляшанка з півам ў руках Матавілы — дадаюць крышачку іроніі ў бясконцы паток любові і драматычных перажыванняў.

Спектакль на эльфійскім мове

Асобная тэма для размовы — гэта выкарыстанне беларускай мовы ў спектаклі. Калі для каманды Купалаўскага гэта — звычайная справа, то для расійскіх гасцей — незвычайны эксперымент, які яшчэ да афіцыйнай прэм'еры можна назваць паспяховым.
Размаўляючы з журналістамі, Прыкатэнка прызнаўся, што ў яго свядомасці адбыліся дзіўныя метамарфозы з беларускай мовай. Высветлілася, што для паэзіі Шэкспіра па мелодыцы гэтая мова падыходзіць нават больш, чым руская. Унікальнае літараспалучэнне дае ўнікальныя магчымасці для стварэння лірыкі.
Кампазітар Іван Кушнір дадаў, што падчас працы паўстаў нават жанравы падзагаловак "Песні эльфаў", таму для яго беларуская мова ўвесь гэты час гучала як эльфійскія.
Аргументы стваральнікаў — значная падстава, каб на спектакль прыйшлі тыя, хто скептычна ставіцца да беларускай мовы і асацыюе яго выключна з трасянкай. Шэкспір у перакладзе не страціў сваёй меладычнасці і лёгкасці, а беларуская зайграла новымі фарбамі. Рэп на роднай мове ў выкананні купалаўцаў рызыкуе запоўніць плэй-лісты сучаснай моладзі.
І хоць да прэм'еры ў Мінску застаецца цэлы месяц, а перадпаказ прынята лічыць хутчэй генеральнай рэпетыцыяй, ужо зараз можна сказаць, што пастаноўка адкрые новую старонку ў гісторыі пачуццёва-тэхнічных эксперыментаў на сцэне Купалаўскага тэатра.
Што трэба памятаць перад тым, як адправіцца на прэм'еру спектакля "Сон у купальскую ноч"? Усе мы — эльфы.