ГОМЕЛЬ, Sputnik — 10 жніўня. Адкрыць абласную дзіцячую бальніцу пасля рэканструкцыі і даць ацэнку суперкамбайну вытворчасці "Гомсельмаш" у абласны цэнтр едзе Аляксандр Лукашэнка, візіт падцвердзіла прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Невядома, ці знойдзецца ў шчыльным графіку прэзідэнта час для прагулкі па цэнтральных вуліцах, дзе да яго прыезду паклалі новы асфальт і плітку-вышыванку, але такое развіццё падзей не выключана. Sputnik спытаў у гамяльчан, пра што яны загаварылі б з Аляксандрам Лукашэнкам, падыдзі ён да іх сёння на вуліцы.
Дыяна Хмялёнак другі год жыве ў Гомелі, вучыцца ў дарожна-будаўнічым каледжы. Сітуацыю сутыкнуцца тварам у твар з Лукашэнкам не гатовая нават уявіць.
"Ой, мне складана, я губляюся", — ужо сумелася дзяўчына.
Запыталіся ў Дыяны пра памер стыпендыі, і тут жа знайшлася падстава для сур'ёзнай размовы.
"Сацыяльная стыпендыя сёння крыху больш за 50 рублёў. Я вучуся нармальна, таму атрымліваю 62. Але хіба гэта грошы? Калі кожны дзень хадзіць у сталовую, амаль нічога не застанецца. А хочацца ж не толькі ў сталовую. Перадайце яму ад мяне просьбу падняць стыпендыю да 100 рублёў ", — папрасіла студэнтка Хмялёнак.
Паэт і музыка Галіна Радзівонава, у мінулым — інжынер завода вымяральных прыбораў, дакладна ведае, што трэба сказаць Лукашэнку. Паводле яе слоў, праблем у народа хапае, але больш за ўсё яе хвалюе эміграцыя талентаў.
"Творчых людзей у Беларусі з кожным годам становіцца ўсё больш, але ім няма дзе рэалізаваць свой патэнцыял. У нашай краіне няма талковых прадзюсараў, не развіты шоу-бізнес. Вось і з'язджаюць найталенавітыя людзі ў Расію. Трэба тэрмінова звярнуць на гэту праблему ўвагу", — лічыць пенсіянерка.
Студэнт каледжа мастацтваў Святаслаў Аўдонін мог бы заваліць пытаннямі першую асобу краіны, але сумняваецца, што іх рашэнне ў яго кампетэнцыі.
"У мяне, вядома, ёсць пытанні, але яны не глабальныя. Вось, да прыкладу, чаму ў нашай краіне нельга купіць добрую балалайку, трэба ехаць за ёй у Расію. На пракат у каледжы выдаюць не майстравыя інструменты", — удакладняе малады музыка.
Кацярына Валер'еўна не здзівілася б, калі б да яе на вуліцы падышоў прэзідэнт. Брунэткі ў яго гусце — гэта раз, і "ад яго ўсяго можна чакаць" — гэта два. Малады спецыяліст выкладае ў школе англійскую мову, таму адразу б загаварыла пра самае важнае.
"З новага навучальнага года англійскую будуць вывучаць у дзвюх групах, а не ў трох, як раней. Навошта гэта зрабілі? Настаўнікі не будуць паспяваць практыкавацца ў мове з дзецьмі. Хацелася б зноў тры групы. Уся надзея на Аляксандра Рыгоравіча", — упэўненая малады спецыяліст.
Выпускніца Гомельскага ўніверсітэта імя Скарыны Карына Лазуткіна перажывае за сучасных настаўнікаў. Іх могуць зняважыць, абразіць вучні і іх бацькі, і ім за гэта нічога не будзе. Вопыт у Карыны невялікі — месяц практыкі ў школе, але, кажа, і гэтага хапіла, каб зразумець жах сітуацыі. Але з прэзідэнтам дзяўчына абмеркавала б іншую праблему.
Карына Лазуткіна ў шоку ад таго, як гомельскія ўлады "сустракаюць" прэзідэнта.
"Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, Гомель вас чакаў 27 ліпеня. Перад вашым прыездам вылізалі цэнтр горада і Сельмаш. Навошта столькі грошай убухалі на замену добрага асфальту? Забараніце мясцовым чыноўнікам так недальнабачна распараджацца народнымі грашыма. Не трэба ладзіць з вашых рабочых візітаў шоу. Вось прыкладна такім будзе мой зварот, калі ён сустрэнецца мне на шляху", — прызналася Лазуткіна.
Двухгадовая Аня Нікіціна накарміла бы Аляксандра Рыгоравіча папкорнам і дазволіла б пагладзіць свайго сабачку. Ведае, што ў прэзідэнта павінны быць вусы, але хто ён — дзядзька ці цётка, дзіцяці не важна. Пытанне дапамагла сфармуляваць мама Ірына.
"У новых мікрараёнах Гомеля востра не хапае дзіцячых садкоў. Цярпенне людзей хутка лопне. Мабыць, ужо пара ўмяшацца прэзідэнту", — лічыць мама малой.