Унучка Якуба Коласа: ніякіх прывілеяў і льгот у нашай сям'і няма

Напярэдадні гадавіны смерці класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа яго ўнучка Вера Міцкевіч распавяла Sputnik, чаму ён тры гады спаў у вопратцы, не прызнаваў наручных гадзіннікаў і як сёння жывецца яго вялікай сям'і.
Sputnik

"Стэрыльную" савецкую біяграфію класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа ўсе мы праходзілі ў школе. А вось якім Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч быў на самай справе, ведае толькі яго сям'я — некалькі пакаленняў Міцкевічаў, якія ў самым цэнтры Мінска беражліва захоўваюць памяць пра вядомага сваяка.

Напярэдадні 62-ай гадавіны смерці Якуба Коласа яго ўнучка Вера Даніілаўна Міцкевіч распавяла карэспандэнту Sputnik Ірыне Пятровіч пра тое, якім пры жыцці быў яе дзед, чаму на працягу трох гадоў ён спаў у вопратцы, што адбываецца ў мемарыяльным музеі пісьменніка цяпер і як жывуць яго нашчадкі.

Родственники классика белорусской литературы Якуба Коласа уже девять лет добиваются реставрации его памятника и надгробия его жены

Смерці дзеля генія

Некалькі пакаленняў Міцкевічаў жывуць у доме, які знаходзіцца побач з мемарыяльным музеем Якуба Коласа. Бацька Веры Даніілаўны, старэйшы сын Якуба Коласа, шмат распавядаў пра дзеда. "Ён быў простым чалавекам сялянскага ладу жыцця. Ён вырас у землях Наднямоння, на Стаўбцоўшчыне ў сям'і малазямельнага селяніна Міхаіла Казіміравіча, які пайшоў на службу лесніком да князя Радзівіла. У іх сям'і нарадзілася 13 дзяцей, чацвёра памерлі ў маленстве", — распавядае ўнучка класіка.

Якуб Колас быў трэцім сынам. Усе дзеці, якія з'явіліся на свет пасля яго, не выжылі. "Ёсць нават такая здагадка, што прырода настолькі аддала ўсе сілы на геній Коласа, што іх не хапіла для чацвярых дзяцей, якія нарадзіліся пасля яго", — дзеліцца меркаваннем субяседніца.

Фото Якуба Коласа и его старшего сына Даниила Константиновича

Пацешных і малавядомых гісторый з жыцця класіка сямейная памяць, па словах Веры Данілаўна, не захоўвае, усё апісана ў кнігах. "Трэба разумець, у які час ён жыў: гэта дзве вайны, потым 30-я гады — гады рэпрэсій. Тады было не да жартаў. Колас тры гады спаў апранутым. У той час з хаты забралі яго швагра, і ён загінуў у ГУЛАГу. Гэта было страшна. Інтэлігенцыю знішчалі. Тых жа беларускіх пісьменнікаў знішчылі за адну ноч 100 чалавек", — распавядае яна.

Яе бацька, Данііл Канстанцінавіч, лічыў, што кожнаму члену сям'і Колас прысвяціў паэму. "Паэмай бацькі была "Новая зямля", яна была ў яго любімай. Сярэдняму сыну была прысвечана паэма "На шляхах волi". Міхаілу Канстанцінавічу  — малодшаму сыну Якуба Коласа – паэма "Сымон-музыка". Марыі Дзмітрыеўне дзед прысвяціў "Рыбакову хату". У мяне любімы твор — "Новая зямля", а яшчэ шмат любімых вершаў і нават апавяданняў ", — распавяла яна.

Кішэнны гадзіннік і торт для Купалы

Якуб Колас нават у Мінску заўсёды імкнуўся жыць не ў кватэры, а ў прыватным доме. Калі ён з сям'ёй вярнуўся ў Мінск з эвакуацыі, пасяліўся ў сядзібе пана Русецкага — у раёне сучасных вуліц Камуністычнай і Кісялёва. "А пасля, паколькі сям'я расла, пераехаў у свой дом у раёне парку Горкага. Гэты дом у трэці дзень Вялікай Айчыннай вайны цалкам згарэў. Там знайшлі толькі шкляны кубачак. Металічныя рэчы потым выраўноўвалі. Напрыклад, чаркі, якія падарылі Янка Купала і Уладзіслава Францаўна на сярэбранае вяселле Якуба Коласа і Марыі Дзмітрыеўны ў 1938 годзе. Яны пачарнелі, але захаваліся", — распавяла Вера Даніілаўна.

Бульба з кіслым малаком і бланманжэ: якім было меню Якуба Коласа

Пасля Вялікай Айчыннай вайны Якуб Колас знайшоў невялікі домік каля Нацыянальнай акадэміі навук — ён тады ўжо быў яе віцэ-прэзідэнтам. Раней у ім пражываў начальнік нямецкага шпіталя. "Пасяліліся тут, зрабілі прыбудову ў 1947 годзе, а ўжо ў 1952 годзе пабудавалі вялікі дом, дзе сёння знаходзіцца музей. Прыватны дом — гэта па сутнасці і ёсць сялянскі ўклад жыцця: пілаваць дровы раніцай, чысціць дарожкі. Дзед вельмі любіў кветкі, хмызнякі, дрэвы, для сябе засейваў дзялянку жыта", — успамінае ўнучка класіка.

Апранаўся Якуб Колас вельмі сціпла. "У 50-х гадах гэта былі касцюмы, штаны з шырокімі калашынамі, капелюшы ён вельмі любіў. А яшчэ насіў вялікі кішэнны гадзіннік на ланцужку, наручны гадзіннік не прызнаваў", — прыгадала незвычайную дэталь Вера Даніілаўна.

Дом, в котором живут наследники Якуба Коласа сейчас, расположен рядом с его мемориальным музеем в самом центре Минска

Паводле яе слоў, Колас вельмі любіў піць чай са шклянкі з падшклянкам — такія раней былі ў цягніках, еў простую сялянскую ежу. "Вельмі любіў збіраць грыбы, таму ўсякія грыбныя стравы еў з задавальненнем. Беларускія супы тыпу заціркі любіў, верашчаку. Калі была жывая яго жонка Марыя Дзмітрыеўна, яна часта сустракала гасцей незвычайнымі стравамі — бланманжэ, рознай вэнджанінай. Яна рабіла торт "Баумкухэн", падобны на сучасны літоўскі "Шакоціс". Такі торт яна пякла на 20-годдзе творчай дзейнасці Янкі Купалы", — адзначыла суразмоўца.

Музей з кітайскімі машынкамі

Пра тое, як ідуць справы ў музеі Якуба Коласа на сённяшні дзень, Вера Даніілаўна пэўна казаць не можа, бо там ужо не працуе. Але што там адбываецца, бачыць уся сям'я.

"Мы бачым, вядома, што дзяцей зараз водзяць па разнарадках. Гэта нядобрая практыка. Музей, у першую чаргу, — гэта структура, якая павінна захаваць што-небудзь. Так, сёння туды не ідуць, але праз 20 гадоў усё можа змяніцца і будзе чарга стаяць. А прымус адбівае жаданне", — упэўненая ўнучка Якуба Коласа.

Яна лічыць, што на мемарыяльнай тэрыторыі вельмі важна захаваць усё так, як было пры жыцці пісьменніка. На сённяшні дзень у доме і каля дома, дзе знаходзіцца музей, няма таго, што было раней. "Паставілі нейкія незразумелыя скульптуры, якіх ніколі тут не было. Лепш бы падсадзілі дрэвы, хмызнякі, зрабілі б клумбы кветак, якія Колас любіў. Маглі б павесіць гамак, таму што ён тут калісьці быў. Зусім незразумелая экспазіцыя ў гаражы, адтуль нават прыбралі паліцы, зробленыя рукамі дзеда", — пералічвае спрэчныя рашэнні музея Вера Даніілаўна.

У каждого члена семьи Якуба Коласа есть свое любимое произведение белорусского классика

Зараз у гаражнай экспазіцыі прадстаўлены машынкі кітайскай вытворчасці, адна з іх — Citroen — наогул ніякага дачынення да Якуба Коласа не мае і стаіць замест Chevrolet. "У кладоўцы ў музеі вісіць усякая вэнджаніна-каўбасы, і людзі кажуць, што пісьменнік жыў багата. На самой справе там пры яго жыцці стаяла бульбачка, кіслая капуста ў бочках і агуркі, яблыкі — што сваякі з вёскі перадавалі", — паказвае на гістарычныя недакладнасці яна.

Вера Даніілаўна ўпэўненая, што не варта нічога выдумляць, трэба захоўваць і вывучаць тое, што там ёсць. "Наколькі я ведаю, на сённяшні дзень у музеі няма ніводнага каталога калекцый. Гэта апошняя ступень апісання фондаў. Вось чым трэба займацца. Можна пахваліць Купалаўскі музей і пазайздросціць белай зайздрасцю, там гэта ёсць. Функцыя музея — захаваць, і калі гэта пісьменна зрабіць, туды будуць людзі хадзіць", — упэўнена суразмоўца.

Памяць па-за гадавін

У панядзелак, 13 жніўня, споўніцца 62 гады са смерці Якуба Коласа. "У гэты дзень ў 1956 годзе Канстанцін Міхайлавіч прыехаў з горада, заехаў у гастраном за каробкай цукерак на дзень нараджэння ўнучкі Марыі, якой спаўнялася 5 гадоў. Прыехаў дадому, зайшоў у кабінет перакусіць, папярхнуўся і памёр — здарыўся разрыў сардэчнай аорты", — успамінае Вера Даніілаўна.

Сям'я пісьменніка шануе яго памяць незалежна ад дат і гадавін. "Хаця ў той дзень мы заўсёды ходзім на могілках, праўда, не ў складзе афіцыйных дэлегацый. Ходзім усёй сям'ёй, разам з дзецьмі і ўнукамі", — падзялілася жанчына.

Правнучка Якуба Коласа и Янки Мавра Василина и ее дочери

На думку ўнучкі Коласа, дзяржава дастаткова робіць для захавання памяці пра яго. "Але не хацелася б, каб гэта было прымеркавана толькі да нейкіх дат, юбілеяў і мерапрыемстваў. Гэтую пампезнасць трэба прыбраць. Лепш нешта адкрываць, адшукваць ці нават купляць, звязанае з Якубам Коласам. Можа быць, гэтага крыху не хапае", — адзначыла яна.

Ёсць людзі, у якіх яшчэ захаваліся вельмі цікавыя дакументы, матэрыялы і нават рукапісы Якуба Коласа, але даследчыкі ніяк не могуць іх займець, таму што патрэбныя вельмі вялікія грошы. "У гэтым плане дзяржава, я думаю, магла б нас падтрымаць. Бо сёння гэта спадчына ёсць, а заўтра невядома, куды яно патрапіць. Шмат што нечакана знаходзіцца, напрыклад, на аўкцыёнах", — канстатуе непрыемны факт Вера Даніілаўна.

Але станоўчых момантаў у дачыненні да захавання памяці класіка беларускай літаратуры, па словах яго сям'і, усё ж больш. "Мы вельмі задаволеныя, што тры гады таму без усялякіх дат у Пінску пры падтрымцы мясцовых уладаў і з дазволу арцыбіскупа Пінскага і Лунінецкага Стэфана была адкрыта памятная дошка на званіцы Свята-Варварынскага сабора ў гонар вянчання Марыі Дзмітрыеўны і Канстанціна Міхайлавіча, якое прайшло ў гэтым горадзе. Для Беларусі гэта, напэўна, адзіны выпадак, калі на праваслаўным храме з'явілася дошка, прысвечаная свецкаму чалавеку", — усміхнулася яна.

Уменьшенную копию памятника Якубу Коласу, который стоит на одноименной площади, передал семье писателя скульптор Заир Азгур

Льготы і прывілеі

У савецкі час стаўленне ўладаў да спадчыннікаў Якуба Коласа было вельмі ўважлівым. "Да 100-годдзя дзеда майго бацькі, Данііла Канстанцінавіча, паклікалі ў ЦК і спыталі, што нам трэба для сям'і. Ён быў сціплы чалавек, адразу разгубіўся, мама моя тоже сказала, што нічога асабліва не трэба. Але яны ўсё ж такі папрасілі выдзеліць жыллё для маладой сям'і майго старэйшага брата. Яму далі двухпакаёвую кватэру ў новым доме, сімвалічна размешчаным на вуліцы Якуба Коласа. Была такая ўвага з боку дзяржавы", — распавяла Вера Даніілаўна.

Яна ўзгадала яшчэ адзін яркі эпізод: "У 1969 годзе на свяце, прысвечаным Коласу, Пётр Міронавіч Машэраў падышоў да майго бацькі і запрасіў яго разам з сям'ёй проста прыйсці пагаварыць. Лічу, гэта было нармальнае чалавечае стаўленне з боку вышэйшага кіраўніцтва краіны. Цяпер такога няма", — канстатуе ўнучка Коласа.

В книге Книга "Любить и помнить" собраны статьи Даниила Константиновича о творчестве его отца, ее составительницей выступила Вера Данииловна, а научным редактором стал литературовед, архивист и ученый Геннадий Киселев

Цяпер у сям'і пісьменьніка няма ніякіх прывілеяў і льгот. "Быў пэўны тэрмін выплат ганарараў, калі нешта друкавалася. Але зараз аўтарскае права ўжо не дзейнічае. Дапамогі ад дзяржавы нават там, дзе яна патрэбна, мы не атрымліваем", — падкрэсліла субяседніца.

Члены сям'і Якуба Коласа часам выязджаюць за мяжу для таго, каб заняцца даследаваннямі, звязанымі з творчасцю пісьменніка, папрацаваць. "Было б нашмат зручней, калі б упаўнаважаныя структуры дзесьці дапамаглі адкрыць візу, дзесьці аплацілі дарогу. Зараз мы ездзім цалкам за свой кошт. І нават звярнуцца, па сутнасці, няма да каго. Гэта дзяржаве не цікава. Ёй цікавы "Славянскі базар", — з сумнай усмешкай падагульніла Вера Даніілаўна.