МАРГ распавёў, колькі каштуе сабраць старшакласніка ў школу

Чыноўнікі запэўніваюць, што крамы пастаянна праводзяць распродажы і акцыі, а купіць усё неабходнае можна і ў растэрміноўку.
Sputnik

МІНСК, 14 жні — Sputnik. Кошт экіпіроўкі вучня старэйшых класаў да новага навучальнага года абыдзецца ў суму ад 214 да 900 рублёў, паведаміла ў аўторак журналістам начальнік упраўлення гандлю, прамысловага і аграпрамысловага комплексу міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) Віялета Брэзоўская.

Бацькі школьнікаў пачалі актыўна рыхтаваць сваіх дзяцей да новага навучальнага года. Па краіне ўжо працуюць школьныя кірмашы, і спіс пакупак заўсёды немаленькі: ад школьнай формы да сшыткаў і асадак.

"Аптымальная поўная экіпіроўка абыдзецца для малодшых класаў — ад 140 да 750 рублёў, для старэйшых — ад 214 да 900 рублёў", — паведаміла Брэзоўская.

Такім чынам, кошт падрыхтоўкі старшакласніка да новага навучальнага года набліжаецца да ўзроўню сярэдняй зарплаты па краіне (у чэрвені — 953,7 рубля). Максімальныя сумы, якія прыйдзецца выдаткаваць на ўсе пакупкі, перавышаюць ўзровень медыяннага заробку — гэта значыць палова жыхароў рэспублікі на адзін заробак цалкам закупіцца не можа.

У той жа час у МАРГ адзначылі, што ў крамах і на базарах пастаянна вядзецца работа па зніжэнні коштаў. Аб'екты праводзяць распродажы і акцыі, таксама ёсць магчымасць купляць тавары ў растэрміноўку або крэдыт.

Пашыраны продаж школьнымі таварамі працягнецца ў рэспубліцы да 10 верасня. У цэлым у рэспубліцы пройдзе больш за 600 школьных кірмашоў.