Сабаленка выйшла ў паўфінал турніру WTA ў Цынцынаці

У паўфінале турніру, прызавы фонд якога складае амаль тры мільёны долараў, беларуску чакае сустрэча з першай ракеткай свету - румынкай Сымонай Халеп.
Sputnik

МІНСК, 18 жні — Sputnik. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйшла ў паўфінал турніру серыі "Прэм'ер" у Цынцынаці (ЗША).

У чвэрцьфінальным паядынку, які прайшоў у ноч на 18 жніўня, 20-гадовая мінчанка атрымала перамогу над амерыканкай Мэдысан Кіз з лікам 6:3, 6:4.

Матч працягваўся адну гадзіну 16 хвілін. Сабаленка 6 разоў падала навылёт, дапусціла 4 падвойныя памылкі і рэалізавала два брэйк-поінты з трох.

Амерыканка выканала восем эйсаў пры адной двайной памылцы. Ні адзін з 10 брэйк-поінтаў яна не рэалізавала.

Раней у Цынцынаці беларуская тэнісістка адолела Ёхану Конці з Вялікабрытаніі (39 месца ў рэйтынгу WTA) з лікам 4:6, 6:3, 6:4, Караліну Плішкаву з Чэхіі (8 месца) 2:6, 6:3, 7:5, а таксама францужанку Каралін Гарсія (5 месца) 6:3, 3:6, 7:5.

У паўфінале Сабаленка пазмагаецца з першым нумарам сусветнага рэйтынгу — спартсменкай з Румыніі Сымонай Халеп. Матч пройдзе ў суботу, 18 жніўня.

Раней тэнісісткі ўжо сустракаліся ў чвэрцьфінале турніру ў Шэньчжэне (Кітай) у студзені гэтага года. Тады з лікам 6:2, 6:2 перамогу атрымала Халеп.

Зараз Сабаленка знаходзіцца на 34 месцы ў рэйтынгу WTA. Год таму яна займала 110-е месца і не змагла прайсці далей за другі круг кваліфікацыі турніру. Паспяховы выступ у Цынцынаці дазволіць беларусцы ўпершыню ў кар'еры ўвайсці ў топ-30 сусветнага рэйтынгу.

Прызавы фонд турніру складае 2 874 299 долараў.