Ужо чацвёрты год запар Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы БДУ адчыняе свае дзверы для замежных аматараў беларускай мовы і культуры – як для тых, хто толькі пачынае знаёміцца з нашай краінай, так і для тых, хто наведвае летнюю школу беларусістыкі з пачатку яе існавання. Ці варта казаць "аднаўлення"? Таму што ў 90-я гады моўная школа працавала на філалагічным факультэце. Заснавальніца школы Лідзія Сямешка распавяла, як узнікла гэта плённая ідэя, а таксама чаму наша родная мова цікавіць не толькі жыхароў бліжняга замежжа, але і людзей з Аўстраліі, ЗША і Кітая.
Як узнікла летняя школа
Чатыры гады таму ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы пачалі распрацоўваць новы навуковы стандарт па беларускай мове як замежнай: быў створаны цэлы комплекс, вучэбныя праграмы, тэсты для выніковай атэстацыі.
"Для таго, каб апрабіраваць гэта, нам патрэбныя былі замежныя студэнты. У першую школу мы запрасілі толькі 30 чалавек, таму што разумелі, што трэба паспрабаваць, якія ў нас магчымасці, сілы ёсць, яна прайшла паспяхова, а ў наступны год ужо 60 заявак было. А ў 3-ю – ужо 90 заявак падалі", — распавядае Лідзія Сямешка.
Некаторыя замежнікі прыязджаюць у летнюю школу ўжо ў чацвёрты раз. Мэты ў іх самыя розныя.
"Некаторыя хочуць прафесійна занімацца беларускай мовай і далей выкладаць, асабліва гэта Польшча, Чэхія, Славакія, Літва, Латвія, дзе беларускую мову выкладаюць у школах. У іншых гэта так званы адукацыйны турызм, яны ездзяць вывучаюць розныя мовы для пашырэння свайго кругагляду, свайго інтэлектуальнага ўзроўню", — тлумачыць Лідзія Сямешка.
Яна ўпэўнена – беларускай мова даецца лягчэй таму, хто больш матываваны, і гэта зусім не залежыць ад краіны. Але, вядома ж, лягчэй носьбітам славянскіх моў – яны ўжо праз некалькі заняткаў пачынаюць крыху размаўляць.
Праграма летняй школы ўключае як навучальную, так і культурную частку. Удзельнікі пабываюць у беларускіх музеях і наведаюць іншыя гарады Беларусі. Вучэбная праграма ўключае 16 лекцыйных і 40 практычных заняткаў па фанетыцы, граматыцы, развіццю вуснай і пісьмовай мовы. Лектарамі будуць вядомыя беларускія даследчыкі.
Спевы і лекцыя: як адкрылі 4-ю летнюю школу
На ўрачыстым адкрыцці школы ўдзельнікаў павітала Людміла Кажухоўская, прарэктар па міжнароднай навукова-метадычнай рабоце Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, кандыдат культуралогіі. Яна выказала надзею, што за два тыдні, на працягу якіх будзе праходзіць летняя школа, яны ўсім сэрцам палюбяць беларускую мову, культуру і краявіды.
Прысутнічаў на адкрыцці і прадстаўнік ФНКА беларусаў Расіі Раман Чырвонцаў. Ён заклікаў назіраць, як беларусы выказваюць сябе, спасцігаць душу праз мову. "І мова, і культура, і гісторыя — усё разам дае любоў да гэтай зямлі, гэтай краіны, гэтага народа", — падкрэсліў Раман Чырвонцаў.
У гэтым годзе ў школе вырашылі аб'яднаць дарослых і маленькіх аматараў беларускай мовы – на адкрыццё прыйшлі сямігадовыя навучэнцы летняй школы. Дзеці крыху збянтэжыліся перад вялікай аўдыторыяй, але падзяліліся, чаму ім хочацца вывучаць беларускую мову. Так, Платон жадае атрымліваць у школе толькі дзясяткі, Ульяна хоча па-беларуску размаўляць з сябрамі, Марыя і Дар'я лічаць, што трэба вывучаць беларускую мову таму, што яна наша родная, а Кацярына збіраецца зрабіць свой унёсак у яе распаўсюджванне.
Таксама на адкрыцці выступіў поп-фолк-дуэт "Лялькі Карпарэйшн", якія праспявалі некалькі беларускіх песен, пасля чаго адбылася першая лекцыя.
Урачыстае закрыццё Міжнароднай летняй школы беларусістыкі пройдзе 31 жніўня. Удзельнікам уручаць імянныя сертыфікаты аб заканчэнні навучання. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць кафедра маладзёжнай палітыкі і сацыякультурных камунікацый РІВШ і БДУ.