МІНСК, 23 жні — Sputnik. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка абыграла тэнісістку з Аўстраліі Дар'ю Гаўрылаву і выйшла ў чвэрцьфінал турніру ў Нью-Хейвене.
Паядынак 1/8 фіналу паміж беларускай і аўстралійкай доўжыўся 2 гадзіны 46 хвілін і быў вельмі напружаным і драматычным. Сабаленка выйграла першы сэт, у другім сэце яна моцна саступала Гаўрылавай, але змагла выраўнаваць гульню, хоць выйграць яго ёй усё роўна не ўдалося. У трэцяй партыі беларуская тэнісістка лідзіравала, але ў нейкі момант дала магчымасць спартсменцы з Аўстраліі нагнаць сябе. Тым не менш яна атрымала перамогу. Агульны лік матчу — 6:3, 6:7 (6:8), 7:5.
У матчы за выхад у паўфінал Арына Сабаленка, якая займае 25-е месца ў рэйтынгу WTA, сустрэнецца на корце з тэнісісткай з Швейцарыі Беліндай Бенчыч (нумар 43 сусветнага рэйтынгу).
Яшчэ адна беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч, якая займае 37-ы радок рэйтынгу WTA, не змагла працягнуць барацьбу на турніры ў Нью-Хейвене. У 1/8 фіналу яна прайграла ў трох сэтах 6-й ракетцы свету францужанцы Каралін Гарсія — 7:6 (7:2), 2:6, 4:6.
Турнір у Нью-Хейвене праводзіцца ў горадзе з 1998 года. У гэтым годзе прызавы фонд турніру склаў 799 тысяч долараў.