МІНСК, 23 жні — Sputnik. Выхадныя ў Беларусі будуць цёплымі, але ў некаторых раёнах пройдуць дажджы і навальніцы, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Як распавялі ў Белгідрамеце, у пятніцу 24 жніўня ў Беларусь будзе паступаць цёплая паветраная маса з паўднёвага захаду Еўропы. Ападкаў у асноўным не чакаецца, толькі ў дзённы час па захадзе Брэсцкай і Гродзенскай абласцей пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу паветра астыне да +10..+16°С (на ўсходзе — да +6..+9°С), а днём прагрэецца да +23°С па паўночным усходзе і да +30°С — па захадзе Беларусі.
У выхадныя, як паведамілі сіноптыкі, надвор'е будуць вызначаць маларухомыя франтальныя сістэмы, якія перамяшчаюцца з Заходняй Еўропы. Кароткачасовыя дажджы, а ў некаторых раёнах нават моцныя дажджы і навальніцы з парывістым ветрам чакаюцца на захадзе і ў цэнтральнай частцы рэспублікі. Начныя тэмпературы складуць +10..+18°С, а днём дасягнуць +21°С па паўночным захадзе і +30°С па паўднёвым усходзе.
Нядзеля 26 жніўня таксама будзе цёплай, але ў некаторых раёнах — з дажджамі і нават навальніцамі: яны могуць прайсці ў заходніх і цэнтральных раёнах Беларусі. У гэты дзень у рэспубліцы будзе +12..+18°С ноччу і +18..+25°С (а па паўднёвым усходзе — да +30°С) днём.
Па папярэдніх прагнозах, на наступным тыдні беларусаў чакае пахаладанне: будні апынуцца дажджлівымі, тэмпература паветра днём у розныя дні будзе вар'іравацца ад +15°С да +23°С.