Радыё

Рыбік: 550 гадоў Астраўцу - у падарунак ФАК з басейнам і скульптура ласося

Галоўны рэдактар раённай газеты "Астравецкая праўда" Ніна Рыбік распавяла радыё Sputnik Беларусь падрабязнасці святкавання 550-гадовага юбілею цяперашняга цэнтра мірнага атама ў Беларусі - горада Астравец у Гродзенскай вобласці, паблізу якога ўзводзіцца БелАЭС.
Sputnik

Горад Астравец у Гродзенскай вобласці, побач з якім будуецца Беларуская АЭС, у суботу, 25 жніўня, адзначае сваё 550-годдзе. Святкаванне чакаецца такога маштабу, якога мясцовыя жыхары ў сваім жыцці не бачылі ніколі, распавяла радыё Sputnik Беларусь галоўны рэдактар раённай газеты "Астравецкая праўда" Ніна Рыбік.

Князі і БелАЭС: пяць цікавых фактаў пра Астравец

У горад на святкаванне прыехалі госці з гарадоў-пабрацімаў Астраўца — расійскіх Обнінска і Сасновага Бора ў Ленінградскай вобласці. Да юбілею запланавана некалькі значных і прыемных падзей для гараджан, у прыватнасці, адкрыўся фізкультурна-аздараўленчы цэнтр з першым у Астраўцы басейнам, будзе адкрыта пажарнае дэпо і таксама з'явіцца скульптурная кампазіцыя, прысвечаная ласосю, які ўпрыгожвае герб горада, распавяла суразмоўца Sputnik.

Акрамя таго, ёсць цэлы набор менш маштабных, але прыемных і карысных для гараджан падарункаў. Напрыклад, па ініцыятыве кіраўніка райвыканкама ўсім першакласнікам, якія ўпершыню пойдуць у школу, будзе выдзелена матэрыяльная дапамога ў памеры 30 рублёў.

"Таксама на адным з дамоў да свята з'явіўся салідны і прыгожы мурал у выглядзе герба горада. Яго зрабіў наш астравецкі мастак Дзяніс Ходас, і не трэба нікога з Аўстраліі выпісваць. І яшчэ ў нас ёсць вуліца Школьная — у старым горадзе старая вуліца. Каб не думалі, што толькі новы горад дабудоўваецца дзякуючы атамнай станцыі, там стаіць школа №2 і там не было тратуара, вось зрабілі тратуар, падрамантавалі яшчэ дамы, дарогі, стаянкі ", — распавяла Рыбік.

Па словах галоўнага рэдактара мясцовай газеты, па вялікім рахунку ў Астраўцы яшчэ не было такога маштабнага свята, каб столькі ўсяго цікавага адбывалася адначасова. Прычым вялікую дапамогу ў арганізацыі святкавання аказаў генпадрадчык будаўніцтва БелАЭС — расійская карпарацыя "Расатам", дзякуючы якой на святкаванні юбілею чакаюцца небывалыя для Астраўца забавы.

Поўную версію размовы з галоўным рэдактарам раённай газеты "Астравецкая праўда" Нінай Рыбік слухайце на радыё Sputnik Беларусь.