МІНСК, 28 жні — Sputnik. Беларусь адкрывае ганаровае консульства ў Лазане, паведаміла беларуская дыпмісія ў сваім Twitter.
"Урад Швейцарыі выдаў экзекватуру Андрэю Нажэскіну — Ганароваму консулу Рэспублікі Беларусь у Лазане з консульскай акругай у кантонах Во, Вале, Жэнева, Невшателе, Фрыбура, Юра", — гаворыцца ў паведамленні.
У сваім мікраблогу беларускія дыпламаты размясцілі і фота консульскай экзекватуры, якая з'яўляецца дакументам, які сведчыць прызнанне консула ўладамі краіны, дзе ён знаходзіцца.
Беларускае пасольства ў Швейцарыі знаходзіцца ў сталіцы Бёрне. Ганаровае консульства ў Лазане стане другім пасля ўжо існуючага прадстаўніцтва ў Цюрыху.
Зараз у Лазане знаходзяцца штаб-кватэры Міжнароднага алімпійскага камітэта, спартыўнага арбітражнага суда і іншых міжнародных спартыўных федэрацый.
Мабыць, напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Мінску у 2019 годзе, беларускія ўлады хочуць узмацніць сваю прысутнасць на гэтым важным напрамку, дзе трэба адстойваць інтарэсы беларускіх спартсменаў.
Дыпламатычныя адносіны паміж дзвюма краінамі былі ўсталяваныя ў 1992 годзе, а беларускае пасольства ў швейцарскай сталіцы адкрылася ўжо на наступны год.
У мінулым годзе Беларусь прыцягнула амаль 50 мільёнаў долараў інвестыцый з Швейцарыі, пры гэтым у краіне зарэгістравана 118 прадпрыемстваў са швейцарскім удзелам.