Знакамітая і першая паэтычная кніга Янкі Купалы трапляла пад арышт некалькі разоў. Аўтару і выдаўцам прыходзілася ў судзе адбівацца ад нападак уладаў на выданне, якое ў гэтым годзе святкуе 110-годдзе.
З нагоды юбілею карэспандэнт Sputnik Алеся Шаршнёва разам з намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесем Сушам разбіралася ў складаным шляху купалаўскай "Жалейкі".
Усё пачалося з памылкі
Месца нараджэння зборніка "Жалейка" — Санкт-Пецярбург. Менавіта там, у друкарні Пянткоўскага, выдаваліся амаль усе кнігі суполкі "Загляне сонца і ў наша аконца".
"Гэта кніга ў пэўным сэнсе вызначыла характар не толькі беларускай культуры і літаратуры пачатку ХХ стагоддзя, але і ўплывае на яе развіццё ў сучаснасці", — падкрэслівае Алесь Суша.
Паўплывала выданне і на лёс самога Купалы, які да яго з'яўлення друкаваўся толькі на старонках "Нашай Нівы" і пад другім імем. Розніца была невялікай — да "Жалейкі" Івана Луцэвіча чытачы ведалі як Янука Купалу.
Кажуць, што адна літара "збегла" з псеўданіма ў выніку памылкі. Грамадскі і культурны дзеяч Браніслаў Эпімах-Шыпіла, які рэдагаваў выданне і рыхтаваў яго да выхаду, напісаў на тытульнай старонцы менавіта Янка Купала. Аўтар не супраціўляўся і пачаў падпісваць так усе свае творы.
"Рэвалюцыйная" і "супрацьдзяржаўная"
Алесь Суша падкрэслівае: у зборніка з самага пачатку быў складаны лёс. У 1908 годзе свет убачылі 4500 экзэмпляраў, з якіх да нашых часоў захаваліся толькі некалькі дзясяткаў.
"Жалейку" вельмі добра прыняла беларуская грамадскасць. З першых рэцэнзій стала зразумела: у беларусаў з'явіўся народны паэт, які здолеў распавесці пра цяжкі лёс свайго народа.
Адразу ж пасля выхаду, Санкт-Пецярбургскі камітэт па пытаннях друку Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай Імперыі забараніў "Жалейку" з-за таго, што яна мела "рэвалюцыйны характар і несла пагрозу для дзяржавы". Наклад арыштавалі, супраць аўтара і выдаўцоў распачаўся суд, але ўсё абышлося.
Пытанне зноў паўстала напачатку 1909 года, калі кіраўніцтва Віленскага генерал-губернатарства пастанавіла, што "гэта кніга супрацьдзяржаўная". Тады Купала зноў адбіўся. Але першы наклад кнігі значна пацярпеў, і цяпер знайсці выданні можна толькі ў самых буйных беларускіх бібліятэках — Нацыянальнай, Прэзідэнцкай і Акадэмічнай. Захоўваецца дэбютная "Жалейка" ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы і некаторых прыватных калекцыях.
Як з'явіўся дзяржаўны гімн
Зборнік "Жалейка" складаецца з 95 вершаў і паэмы "Адплата кахання". Вялікая колькасць лірычных твораў прысвечана роднаму краю, многа ўвагі Купала надае рэаліям селяніна.
Спецыялісты кажуць, што знакаміты верш "А хто там ідзе" ўвогуле паўплываў на станаўленне беларускай самастойнасці. Да 1939 года ў Заходняй Беларусі ён выкарыстоўваўся як нацыянальны гімн. Так жа казаў пра верш Максім Горкі, які пераклаў яго на рускую мову. Сёння верш перакладзены на больш за 100 моў свету. Ён жа, дарэчы, натхніў кампазітара Кіма Цесакова на яго араторыю "Мы — беларусы", Рыгор Пукст напісаў кантату "А хто там ідзе?", а Міхась Клімковіч і Нестар Сакалоўскі пад уплывам верша стварылі песню, якая стала дзяржаўным гімнам БССР.
Яшчэ адна частка "Жалейкі" называецца "Тлумачэнні, наследванні і розныя вершы". Тут надрукаваныя паэтычныя водгукі Купалы і пераклады з іншых моў.
"Але гэта былі не сухія пераклады, а хутчэй пераасэнсаванні і тлумачэнні. Купала першым паказаў, што сусветная паэзія і найперш паэзія суседзяў — Лермантава ў Расіі, Шаўчэнкі ва Украіне, Канапніцкай у Польшчы — можа годна гучаць па-беларуску", — адзначыў Алесь Суша.
Такім чынам, кніга стала сапраўдным адкрыццём свайго часу і з'яўляецца сапраўдным сімвалам для беларусаў і па сённяшні дзень.